Эклезіяст, разьдзел 4
- І прыгледзеўся зноў я, і ўгледзеў уціскі ўсялякія, што пад сонцам здараюцца: і вось сьлёзы прыгнечаных, а суцешніка ў іх няма; і ў руцэ ў прыгнятальнікаў іхніх — сіла, а суцешніка ў іх няма.
- І прызнаў я шчасьлівымі мёртвых, якія памерлі даўно, больш, чым жывых, што дагэтуль жывуць;
- а шчасьлівейшы той за абодвух, хто яшчэ не радзіўся, хто ня бачыў яшчэ ліхадзействаў, якія пад сонцам вядуцца.
- І зноў я пабачыў, што ўсякая праца і посьпех усякі ў справах узаемную зайздрасьць паміж людзьмі спрычыняюць. І гэта — марнасьць і пагоня за ветрам!
- Неразумны сядзіць, склаўшы рукі свае, і жарэ сваё цела.
- Лепей жменя спакою за поўныя прыгаршчы клопату і пагоню за ветрам.
- І зірнуў я, і зноў убачыў марнасьць пад сонцам:
- самотнік, і ня мае нікога ён іншага: ні сына, ні брата няма ў яго; і ня мае канца ён турботам сваім, і не насыціцца вока яго багацьцем. «На каго ж я працую, і даброцяў душу сваю пазбаўляю?» І гэта — марнасьць і прапалая справа!
- Дваім лепей, чым аднаму, бо ёсьць ім добрая дзяка за іхнюю працу.
- Бо, як адзін упадзе, падыме другі свайго сябра! Але гора таму, хто адзін упадзе, а другога няма, хто падняў бы яго.
- Гэтак сама, як двое ляжаць, дык ім цёпла; а дзе аднаму прыгрэцца?
- І калі б хто напаў на другога, дык выстаяць двое супраць таго. І нітка, ссуканая з трох, ня скора парвецца.
- Лепей бедны, ды разумны хлапчына, чым стары, ды неразумны цар, які рады ня слухае.
- Бо той зь вязьніцы выйдзе на царства, хто нарадзіўся ў царстве сваім бедным.
- Бачыў я ўсіх жывых, што ходзяць пад сонцам, з гэтым другім юнком, які зойме месца таго.
- Ня было ліку ўсяму люду, які быў перад ім, хоць і наступныя радасьці ў ім ня мецьмуць. І гэта — марнасьць і пагоня за ветрам!
- Сачы за нагою тваёю, калі ідзеш у дом Божы, і будзь гатовы больш слухаць, чым ахвяры прыносіць; ня думаюць бо яны, што благое ўчыняюць.
|
Выбор перевода и языка
|