Паводле Яна, разьдзел 4
- Калі даведаўся Ісус пра чутку, якая дайшла да фарысэяў, што Ён больш набывае вучняў і хрысьціць, чым Ян —
- хоць Сам Ісус ня хрысьціў, а вучні Ягоныя, —
- дык пакінуў Юдэю і пайшоў зноў у Галілею.
- А меўся Ён праходзіць праз Самарыю.
- І вось прыходзіць Ён да горада Самарыйскага, называнага Сіхар, паблізу дзялянкі зямлі, дадзенай Якавам сыну свайму Язэпу,
- там быў калодзеж Якаваў. Ісус, стаміўшыся з дарогі, сеў каля калодзежа; было каля шостай гадзіны.
- Прыходзіць жанчына з Самарыі зачарпнуць вады. Ісус кажа ёй: дай Мне напіцца.
- Бо вучні Ягоныя адлучыліся ў горад купіць ежы.
- Жанчына Самаранская кажа Яму: як Ты, Юдэй, просіш піць у мяне, Самаранкі? бо Юдэі з Самаранамі ня зносяцца.
- Ісус сказаў ёй у адказ: калі б ты ведала дар Божы, і Хто кажа табе: дай Мне напіцца, — дык ты сама прасіла б у Яго, і Ён даў бы табе вады жывое.
- Жанчына кажа Яму: Спадару! Табе і зачарпнуць няма чым, а калодзеж глыбокі: адкуль жа ў Цябе вада жывая?
- Няўжо Ты большы за бацьку нашага, Якава, які даў нам гэты калодзеж, і сам зь яго піў, і дзеці ягоныя, і быдла ягонае?
- Ісус сказаў ёй у адказ: кожны, хто п'е ваду гэтую, спрагнецца зноў;
- а хто будзе піць ваду, якую Я дам яму, той не спрагнецца вавек; а вада, якую Я дам яму, зробіцца ў ім крыніцай вады, якая пацячэ ў жыцьцё вечнае.
- Жанчына кажа Яму: Спадару! дай мне гэтай вады, каб ня мець мне смагі і ня прыходзіць сюды чэрпаць.
- Ісус кажа ёй: ідзі, клікні мужа твайго і прыйдзі сюды.
- Жанчына сказала ў адказ: няма ў мяне мужа. Ісус кажа ёй: праўду ты сказала, што ў цябе няма мужа;
- бо ў цябе было пяць мужоў, і той, якога сёньня маеш, ня муж табе; гэта слушна ты сказала.
- Жанчына кажа Яму: Госпадзе! бачу, што Ты прарок;
- бацькі нашыя пакланяліся на гэтай гары; а вы кажаце, што месца, дзе трэба пакланяцца, у Ерусаліме.
- Ісус кажа ёй: павер Мне, што настане час, калі і не на гары гэтай, і не ў Ерусаліме будзеце пакланяцца Айцу.
- Вы ня ведаеце, чаму кланяецеся; а мы ведаем, чаму кланяемся, бо збаўленьне ад Юдэяў;
- але настане час, і настаў ужо, калі сапраўдныя паклоньнікі будуць пакланяцца Айцу ў духу і праўдзе, бо такіх паклоньнікаў Айцец шукае Сабе:
- Бог ёсьць дух, і тыя, што пакланяюцца Яму, павінны пакланяцца ў Духу і праўдзе.
- Жанчына кажа Яму: ведаю, што прыйдзе Месія, гэта значыць, Хрыстос; калі Ён прыйдзе, дык абвесьціць нам усё.
- Ісус кажа ёй: гэта Я, Які гавару з табою.
- У гэты час прыйшлі вучні Ягоныя і зьдзівіліся, што Ён гутарыў з жанчынаю; аднак жа ніводзін не сказаў: чаго Ты патрабуеш? альбо: пра што Ты гутарыш зь ёю?
- Тады жанчына пакінула посуд свой і пайшла ў горад, і кажа людзям:
- ідзеце, паглядзеце Чалавека, Які сказаў мне ўсё, што я зрабіла: ці ня Ён Хрыстос?
- Яны выйшлі з горада і пайшлі да Яго.
- Тым часам вучні прасілі яго, кажучы: Равьві! еж.
- Але Ён сказаў ім: у Мяне ёсьць ежа, якое вы ня ведаеце.
- Потым вучні гаварылі паміж сабою: хіба хто прынёс Яму есьці?
- Ісус кажа ім: Мая ежа ёсьць тварыць волю Таго, Хто паслаў Мяне, і зьдзейсьніць справу Ягоную.
- Ці ня кажаце вы, што яшчэ чатыры месяцы, і настане жніво? А Я кажу вам: узьвядзеце вочы вашыя і паглядзеце на нівы, як яны папалавелі і высьпелі да жніва;
- хто жне, дастае ўзнагароду і зьбірае плод у жыцьцё вечнае, так што і сейбіт і жнец разам радавацца будуць;
- бо ў гэтым выпадку слушнае выслоўе: адзін сее, а другі жне.
- Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі: іншыя працавалі, а вы ўвайшлі ў працу іхнюю.
- І многія Самаране з горада таго ўверавалі ў Яго па слове жанчыны, якая сьведчыла, што Ён сказаў ёй усё, што яна зрабіла.
- І таму, калі прыйшлі да Яго Самаране, дык прасілі Яго пабыць у іх; і Ён прабыў там два дні.
- І яшчэ больш людзей уверавалі па Ягоным слове;
- а жанчыне той казалі: ужо не па тваіх казанях веруем, бо самі чулі і ўведалі, што сапраўды Збаўца сьвету, Хрыстос.
- Як мінула два дні, Ён выйшаў адтуль і пайшоў у Галілею;
- бо Сам Ісус сьведчыў, што прарок ня мае пашаны ў сваёй бацькаўшчыне.
- Калі прыйшоў Ён у Галілею, дык Галілеяне не прынялі Яго, бачыўшы ўсё, што Ён зрабіў у Ерусаліме ў сьвята, — бо і яны хадзілі на сьвята.
- Дык вось, Ісус зноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе ператварыў ваду ў віно. У Капернауме быў адзін царадворац, у якога сын быў хворы.
- Ён, пачуўшы, што Ісус прыйшоў зь Юдэі ў Галілею, прыйшоў да Яго і прасіў Яго прыйсьці і ацаліць сына ягонага, які быў пры сьмерці.
- Ісус сказаў яму: вы ня ўверуеце, калі ня ўбачыце азнакаў і цудаў.
- Царадворац кажа Яму: Госпадзе! прыйдзі, пакуль не памёр сын мой.
- Ісус кажа яму: ідзі, сын твой здаровы. Той паверыў слову, якое сказаў яму Ісус, і пайшоў.
- На дарозе сустрэлі яго слугі ягоныя і сказалі: сын твой здаровы.
- Ён спытаўся ў іх: а каторай гадзіне яму палепшала? Яму сказалі: учора а сёмай гадзіне гарачка пакінула яго.
- З гэтага бацька даведаўся, што гэта была тая самая гадзіна, калі Ісус сказаў яму: сын твой здаровы. І ўвераваў сам і ўвесь дом ягоны.
- Гэты другі цуд учыніў Ісус, вярнуўшыся зь Юдэі ў Галілею.
|
Выбор перевода и языка
|