1. Пасьля гэтага Ісус хадзіў па Галілеі, бо па Юдэі хадзіць не хацеў, таму што Юдэі намышлялі забіць Яго.
  2. Набліжалася сьвята Юдэйскае — Кучкі.
  3. Тады браты Ягоныя сказалі Яму: выйдзі адгэтуль і йдзі ў Юдэю, каб і вучні Твае бачылі дзеі, што Ты ўчыняеш;
  4. бо ніхто ня робіць чаго-небудзь употай, і стараецца сам быць вядомым; калі Ты чыніш такія дзеі, дык яві Сябе сьвету.
  5. Бо і браты Ягоныя ня верылі ў Яго.
  6. На гэта Ісус ім сказаў: Мой час яшчэ не настаў, а вам заўсёды час;
  7. Вас сьвет ня можа ненавідзець, а Мяне ненавідзіць, бо Я сьведчу пра яго, што дзеі ягоныя ліхія;
  8. вы ідзеце на сьвята гэтае, а Я яшчэ не пайду на гэтае сьвята, бо час Мой яшчэ не настаў.
  9. Гэта сказаўшы ім, застаўся ў Галілеі.
  10. Але як прыйшлі браты Ягоныя, тады і Ён прыйшоў на сьвята, не адкрыта, а як бы таемна.
  11. А Юдэі шукалі яго на сьвяце і казалі: дзе Ён?
  12. І многа было гаманы пра Яго ў народзе: адны казалі, што Ён добры, а другія казалі: не, Ён зводзіць людзей.
  13. Аднак ніхто не гаварыў пра Яго адкрыта, баючыся Юдэяў.
  14. Але ўжо а палавіне сьвята ўвайшоў Ісус у храм і вучыў.
  15. І дзівавалі Юдэі, кажучы: як Ён ведае Пісаньні, ня вучыўшыся?
  16. Ісус, адказваючы ім, сказаў: Маё вучэньне — не Маё, а Таго, Хто паслаў Мяне;
  17. хто хоча чыніць волю Ягоную, той даведаецца пра гэтае вучэньне, ці ад Бога яно, ці я Сам ад Сябе кажу;
  18. хто гаворыць сам ад сябе, шукае славы сабе; а Хто шукае славы Таму, Хто паслаў Яго, Той сапраўдны, і няма няпраўды ў Ім.
  19. Ці ня даў вам Майсей закона? і ніхто з вас ня жыве паводле закона. Завошта ж намышляеце забіць Мяне?
  20. Людзі сказалі ў адказ: ці ня дэман у Табе? Хто намышляе забіць Цябе?
  21. Ісус, прамаўляючы далей, сказаў ім: адну дзею ўчыніў Я, і ўсе вы дзівуеце;
  22. Майсей даў вам абразаньне, — хоць яно не ад Майсея, а ад бацькоў, — і ў суботу вы абразаеце чалавека;
  23. калі ў суботу прыймае чалавек абразаньне, каб ня быў парушаны закон Майсееў, — ці не на Мяне гневаецеся за тое, што Я ўсяго чалавека ацаліў у суботу?
  24. ня судзеце паводле выгляду, а судзеце судом справядлівым.
  25. Тут некаторыя зь Ерусалімцаў казалі: ці ня Той гэта, Якога спрабуюць забіць?
  26. вось, Ён гаворыць адкрыта, і нічога ня кажуць Яму: ці ўпэўніліся начальнікі, што Ён сапраўды Хрыстос?
  27. але мы ведаем Яго, адкуль Ён; а Хрыстос, калі прыйдзе, ніхто ня будзе ведаць, адкуль Ён.
  28. Тады Ісус усклікнуў у храме, вучачы і кажучы: і ведаеце Мяне, і ведаеце, адкуль Я; і Я прыйшоў ня Сам ад Сябе, але ў ісьціне Той, хто паслаў Мяне, Якога вы ня ведаеце;
  29. Я ведаю Яго, бо Я ад Яго, і Ён паслаў Мяне.
  30. І намышлялі схапіць Яго, але ніхто не наклаў на Яго рукі, бо яшчэ не настала гадзіна Ягоная.
  31. А многія зь людзей уверавалі ў Яго і казалі: калі прыйдзе Хрыстос, няўжо створыць болей азнакаў, чым колькі Гэты стварыў?
  32. Пачулі фарысэі такія перасуды пра Яго ў народзе, і паслалі фарысэі і першасьвятары служак — схапіць Яго.
  33. А Ісус сказаў ім: яшчэ нядоўга быць Мне з вамі, і пайду да Таго, Хто паслаў Мяне;
  34. будзеце шукаць Мяне, і ня знойдзеце; і дзе буду Я, туды вы ня можаце прыйсьці.
  35. Пры гэтым Юдэі гаварылі паміж сабою: куды Ён хоча ісьці, так што мы ня знойдзем Яго? ці ня хоча Ён ісьці ў Элінскае расьсеяньне і вучыць Элінаў?
  36. што азначаюць гэтыя словы, якія Ён сказаў: «будзеце шукаць Мяне і ня знойдзеце; і дзе буду Я, туды вы ня можаце прыйсьці»?
  37. У апошні ж вялікі дзень сьвята стаяў Ісус і ўсклікнуў, кажучы: хто прагне, ідзі да Мяне і пі;
  38. хто веруе ў Мяне, у таго, як сказана ў Пісаньні, «з чэрава пацякуць рэкі вады жывое».
  39. Гэта сказаў Ён пра Духа, Якога меліся прыняць тыя, што верылі ў Яго: бо яшчэ ня было на іх Духа Сьвятога, бо Ісус яшчэ ня быў праслаўлены.
  40. Многія людзі, пачуўшы гэтыя словы, казалі: Ён сапраўды прарок.
  41. Другія казалі: гэта Хрыстос. А іншыя казалі: хіба з Галілеі Хрыстос прыйдзе?
  42. ці ня сказана ў Пісаньні, што Хрыстос прыйдзе ад насеньня Давідавага і зь Віфляема, з таго месца, адкуль быў Давід?
  43. І вось адбылася наконт Яго спрэчка ў народзе.
  44. Некаторыя зь іх хацелі схапіць Яго; але ніхто не наклаў на Яго рук.
  45. І вось служкі вярнуліся да першасьвятароў і фарысэяў, і гэтыя сказалі ім: чаму вы не прывялі яго?
  46. Служкі адказвалі: ніколі чалавек не гаварыў так, як Гэты Чалавек.
  47. Фарысэі сказалі ім: няўжо і вы ўведзены ў зман?
  48. ці паверыў у Яго хто з начальнікаў, альбо з фарысэяў?
  49. але гэты народ невук у законе, пракляты ён.
  50. Мікадым, які прыходзіў да Яго ўначы, будучы адным зь іх, кажа ім:
  51. ці судзіць закон наш чалавека, калі папярэдне ня выслухаюць яго і не даведаюцца, што ён робіць?
  52. На гэта сказалі яму: і ты ці не з Галілеі? паглядзі, і ўбачыш, што з Галілеі ня прыходзіць прарок.
  53. І разыйшліся ўсе па дамах.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/43/07/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.