1. Малітва спрагненага, калі ён смуткуе і вылівае прад Госпадам скруху сваю.
  2. Госпадзе! пачуй малітву маю, і енк мой хай дойдзе да Цябе.
  3. Не хавай аблічча Твайго ад мяне; у дзень смутку майго прыхілі да мяне вуха Тваё; у дзень, калі паклічу Цябе, адразу пачуй мяне.
  4. Бо зьніклі, як дым, дні мае, і косткі мае абпаленыя, як галавешка;
  5. сэрца маё ўражанае, і высахла, як трава, аж я забываюся есьці мой хлеб;
  6. ад голасу стогну майго косткі мае прысталі да плоці маёй.
  7. Я стаў падобны да пелікана ў пустыні; я зрабіўся як сыч у руінах;
  8. ня сплю і сяджу, як адзінокая птушка на даху.
  9. Кожны дзень клянуць мяне ворагі мае, і неабольнікі мае ганяць мяне.
  10. Я попел ем замест хлеба, і пітво маё разбаўляю сьлязьмі,
  11. ад гневу Твайго і абурэньня Твайго; бо Ты ўзвысіў мяне і скінуў мяне.
  12. Дні мае быццам цень, які ўхіляецца; і я высах, быццам трава.
  13. Ты ж, Госпадзе, вечна жывеш, і памяць пра Цябе з роду ў род.
  14. Ты паўстанеш, умілажалішся з Сіёна? бо час літаваць яго, бо прысьпеў час;
  15. бо рабы Твае палюбілі і каменьне ягонае, і попел ягоны шкадуюць.
  16. І збаяцца народы імя Гасподняга, і ўсе цары зямныя — славы Тваёй.
  17. Бо збудуе Гасподзь Сіён, і зьявіцца ў славе Сваёй;
  18. паглядзіць на малітву бездапаможных, і не пагардзіць малітваю іхняй.
  19. Пра гэта напісана будзе роду наступнаму, і пакаленьне наступнае ўславіць Госпада,
  20. бо Ён прынік са святой гары Сваёй; зь нябёсаў глянуў Гасподзь на зямлю,
  21. каб пачуць стогны вязьняў, раскаваць сыноў сьмерці,
  22. каб абвяшчалі на Сіёне імя Гасподняе, і славу Яму — у Ерусаліме,
  23. калі зьбяруцца народы разам і царствы служыць Госпаду.
  24. Стаміў Ён на шляху сілу маю, скараціў дні мае.
  25. Я сказаў: Божа мой! не забяры мяне на палавіне дзён маіх. Твае гады ў роды родаў.
  26. На пачатку Ты, Госпадзе, заснаваў зямлю, і нябёсы — дзея рук Тваіх;
  27. яны загінуць, а Ты застанешся; і ўсе яны, як рыза, спарахнеюць, і, як адзеньне, Ты пераменіш іх, — і зьменяцца;
  28. але Ты — той самы, і гады Твае ня скончацца.
  29. Сыны рабоў Тваіх будуць жыць, і семя іхняе ўмацуецца прад абліччам Тваім.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/19/102/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.