1. Падыдзеце, народы, слухайце і ўважайце, плямёны! Хай чуе зямля і ўсё, што яе напаўняе, сусьвет і ўсё, што нараджаецца ў ім!
  2. Бо гнеў Госпада на ўсе народы, і лютасьць Яго на ўсё воінства іхняе. Ён аддаў іх на закляцьце, аддаў іх на закол.
  3. І забітыя іхнія будуць раскіданы, і ад трупаў іх падымецца смурод, і горы размокнуць ад іхняй крыві.
  4. І сатлее ўсё нябеснае воінства: і нябёсы згорнуцца, як сувой кніжны; і ўсё воінства іхняе ўпадзе, як ападае лісьце зь вінаграднай лазы, і як завялае лісьце — са смакоўніцы.
  5. Бо ўпіўся меч Мой на нябёсах: вось, дзеля суду сыходзіць ён на Эдом і на народ, аддадзены Мною на закляцьце.
  6. Меч Госпада напоўніцца крывёю, атлусьцее ад тлушчу, ад крыві ягнят і казлоў, ад тлушчу з нырак авечых: бо ахвяра ў Госпада ў Васоры і вялікі закол у зямлі Эдома.
  7. І буйвалы ўпадуць зь імі, і цяляты разам з валамі, і ўп'ецца зямля іх крывёю, і прах іх разбухне ад тлушчу.
  8. Бо дзень помсты ў Госпада, год помсты за Сіён.
  9. І ператворацца рэкі яго ў смалу, і прах яго — у серку, і будзе зямля яго палкаю смалою:
  10. ня будзе гаснуць ні ўдзень, ані ўночы; вечна будзе ўзьвівацца дым ад яе; будзе з роду ў род заставацца апусьцелаю; вавекі вякоў ніхто ня пройдзе па ёй;
  11. і завалодаюць ёю пелікан і вожык; і сава і груган паселяцца ў ёй; і працягнуць па ёй вяроўку спусташэньня і адвес зьнішчэньня.
  12. Нікога не застанецца там са знакамітых яе, каго можна было б заклікаць на царства, і ўсе князі яе будуць нішто.
  13. І зарастуць палацы яе калючымі расьлінамі, крапівою і дзядоўнікам — цьвярдыня яе; і будзе яна селішчам шакалаў, прыстанішчам страўсам.
  14. І зьвяры пустыні будуць сустракацца зь дзікімі катамі, і лясуны будуць перагукацца адзін з адным; там будзе адпачываць начны прывід і знаходзіць сабе спакой.
  15. Там угняздуецца лятучы зьмей, будзе класьці яйкі і выводзіць дзяцей і зьбіраць іх пад цень свой; там і каршуны будуць зьбірацца адзін да аднаго.
  16. Знайдзеце ў кнізе Гасподняй і прачытайце; ніводнае з гэтых не забавіцца прыйсьці, і адно адным не заменіцца. Бо самі вусны Яго загадалі, і сам дух Яго зьбярэ іх.
  17. І Сам Ён кінуў ім жэрабя, і Яго рука падзяліла яе меркаю; вечна будуць яны валодаць ёю, род у род на ёй жыцьмуць.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/23/34/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.