1. А зьбіраючы для сьвятых, рабеце так, як я ўстанавіў у цэрквах Галятыйскіх;
  2. у першы дзень тыдня кожны з вас хай адкладвае ў сябе і ашчаджае, колькі дазваляе яму дастатак, каб не рабіць збораў, калі я прыйду.
  3. А як прыйду, дык, каго вы выбераце, тых пашлю зь пісьмамі, каб даставілі ваш дар у Ерусалім.
  4. А калі і мне прыстойна будзе выправіцца, дык яны са мною пойдуць.
  5. Я прыйду да вас, калі прайду Македонію; бо я іду цераз Македонію.
  6. А ў вас, можа стацца, пажыву, або і перазімую, каб вы мяне правялі, куды пайду.
  7. Бо я не хачу бачыцца з вамі цяпер мімаходзь, а спадзяюся прабыць у вас колькі часу, калі Гасподзь дазволіць.
  8. А ў Эфэсе я прабуду да Пяцідзясятніцы,
  9. бо мне адчынены вялікія і шырокія дзьверы, і праціўнікаў многа.
  10. Калі ж прыйдзе да вас Цімафей, глядзеце, каб ён быў у вас убясьпечаны; бо ён чыніць справу Гасподнюю, як і я.
  11. Таму хай ніхто ім не пагардзіць, а праводзьце яго зь мірам, каб ён прыйшоў да мяне; бо я чакаю яго з братамі.
  12. А што да брата Апалоса, я вельмі прасіў яго, каб ён з братамі пайшоў да вас; але ён ніяк не хацеў ісьці сёньня, а прыйдзе, калі яму будзе спорна.
  13. Чувайце, стойце ў веры, будзьце мужныя, цьвёрдыя;
  14. усё ў вас няхай будзе зь любоўю.
  15. Прашу вас, браты, вы ведаеце, сямейства Сьцяпанавае, што яно ёсьць пачатак Ахаіі, і што яны прысьвяцілі сябе служэньню сьвятым;
  16. будзьце ж і вы пачцівыя да такіх і да кожнага, хто пасабляе і працуе.
  17. Я рады прыходу Сьцяпана, Фартуната і Ахаіка: яны бо адшкадавалі мне вашу адсутнасьць,
  18. бо яны мой і ваш дух супакоілі. Шануйце такіх.
  19. Вітаюць вас цэрквы Асійскія; вітаюць вас рупліва ў Госпадзе Акіла і Прыскіла з хатняю іхняю царквою.
  20. Вітаюць вас, усе браты. Вітайце адзін аднаго сьвятым цалаваньнем.
  21. Маё Паўлава вітаньне сваёю рукою.
  22. Хто ня любіць Госпада Ісуса Хрыста, анафэма; маранафа.
  23. Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі,
  24. і любоў мая з усімі вамі ў Хрысьце Ісусе. Амін.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/53/16/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.