Да Філімона
- Павал, вязень Ісуса Хрыста, і Цімафей брат, Філімону любаснаму і супрацоўніку нашаму,
- і Апфіі, (сястры) любаснай, і Архіпу, спадзьвіжніку нашаму, і дамовай тваёй царкве:
- мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
- Дзякую Богу майму, заўсёды спамінаючы цябе ў малітвах маіх,
- чуючы пра тваю любоў і веру, якую маеш да Госпада Ісуса і да ўсіх сьвятых,
- каб дзеяньне веры тваёй было чыннае ў спазнаньні ўсякага ў вас дабра ў Хрысьце Ісусе.
- Бо мы маем вялікую радасьць і ўцеху ў любові тваёй, бо табою, браце, супакоены сэрцы сьвятых.
- Таму, маючы вялікую ў Хрысьце адвагу загадваць табе, што трэба,
- зь любові лепей прашу, ня хто які там, а я, Павал — старац, а цяпер вязень Ісуса Хрыста;
- прашу цябе за сына майго Анісіма, якога нарадзіў я ў кайданах маіх:
- ён быў калісьці нягодны табе, а цяпер годны табе і мне: я вяртаю яго;
- а ты прымі яго, як маё сэрца.
- Я хацеў пры сабе яго ўтрымаць, каб ён замест цябе паслужыў мне ў кайданах за зьвеставаньне;
- але без тваёй згоды нічога не хацеў зрабіць, каб добрая справа твая была ня мусовая, а з добрае волі.
- Бо, можа быць, ён на тое часова адлучыўся, каб ты прыняў яго назаўсёды,
- ужо ня як раба, а вышэйшага за раба, брата любаснага, асабліва мне, а тым болей табе, і па плоці і ў Госпадзе.
- І вось, калі маеш за супольніка мяне, дык прымі яго, як мяне.
- Калі ж ён чым пакрыўдзіў цябе, альбо вінаваты табе, лічы гэта на мне.
- Я, Павал, напісаў маёю рукою: я заплачу"; не кажу табе пра тое, што ты і самім сабою мне вінаваты.
- Так, браце, дай мне скарыстацца табою ў Госпадзе; супакой маё сэрца ў Госпадзе.
- Спадзяючыся на слухмянасьць тваю, а напісаў табе, ведаючы, што ты зробіш і болей, чым прашу.
- А разам падрыхтуй мне і памяшканьне; бо, спадзяюся, што па малітвах вашых я буду дараваны вам.
- Вітае цябе Эпафрас, вязень разам са мною дзеля Ісуса Хрыста, Марк, Арыстарх, Дымас, Лукаш, супрацоўнікі мае.
- Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым. Амін.
|
Выбор перевода и языка
|