1. Кожны, хто верыць, што Ісус ёсьць Хрыстос, ад Бога народжаны, і кожны, хто любіць Таго, Хто нарадзіў, любіць народжанага ад Яго.
  2. Што мы любім дзяцей Божых, спазнаём з таго, калі любім Бога і трымаемся запаведзяў Ягоных.
  3. Бо гэта ёсьць любоў да Бога, каб мы трымаліся запаведзяў Ягоных; і запаведзі Ягоныя ня цяжкія.
  4. Бо кожны народжаны ад Бога, перамагае сьвет; і гэта ёсьць перамога, якая перамагла сьвет, — вера нашая.
  5. Хто перамагае сьвет, як ня той, які верыць, што Ісус ёсьць Сын Божы?
  6. Гэты ёсьць Ісус Хрыстос, Які прыйшоў вадою і крывёю (і Духам), не вадою толькі, а вадою і крывёю; і Дух сьведчыць пра Яго, бо Дух ёсьць ісьціна.
  7. Бо тры сьведчаць на небе: Айцец, Слова і Сьвяты Дух; і гэтыя Тры — Адно.
  8. І тры сьведчаць на зямлі: дух, вада і кроў: і гэтыя тры пра адно.
  9. Калі мы прымаем сьведчаньне людзкое, сьведчаньне Божае — большае, бо гэта ёсьць сьведчаньне Божае, якім Бог сьведчыў пра Сына Свайго.
  10. Хто веруе ў Сына Божага, мае сьведчаньне ў самім сабе; хто ня веруе ў Бога, той робіць Яго ілжывым, бо ня верыць у сьведчаньне, якім Бог сьведчыў пра Сына Свайго.
  11. Сьведчаньне гэтае ў тым, што Бог дараваў нам жыцьцё вечнае, і гэтае жыцьцё ў Сыне Ягоным.
  12. Хто мае Сына (Божага), мае жыцьцё; хто ня мае Сына Божага, ня мае жыцьця.
  13. Гэта напісаў вам я, хто верыць у імя Сына Божага, каб вы ведалі, што вы, веруючы ў Сына Божага, маеце жыцьцё вечнае.
  14. І вось, якую адвагу мы маем перад Ім, што, калі просім чаго па волі Ягонай, Ён слухае нас;
  15. А калі мы ведаем, што Ён слухае нас ва ўсім, чаго б мы ні прасілі, — ведаем і тое, што атрымліваем ад Яго, чаго просім.
  16. Калі хто бачыць брата свайго, як ён учыняе грэх не на сьмерць, дык няхай моліцца, і Бог дасьць яму жыцьцё, яму, хто грэшыць не на сьмерць. Ёсьць грэх на сьмерць: не пра тое кажу, каб ён маліўся.
  17. Усякая няпраўда ёсьць грэх, але ёсьць грэх не на сьмерць.
  18. Мы ведаем, што кожны, народжаны ад Бога, ня грэшыць; а народжаны ад Бога захоўвае сябе, і ліхадзей не чапае яго.
  19. Мы ведаем, што мы ад Бога, і што ўвесь сьвет ляжыць у зьле.
  20. Ведаем таксама, што Сын Божы прыйшоў і даў нам (сьвятло і) розум, каб спазналі (Бога) сапраўднага і каб былі мы ў Сапраўдным Сыне Ягоным, Ісусе Хрысьце. Ён ёсьць Сапраўдны Бог і жыцьцё вечнае.
  21. Дзеці! баранеце сябе ад ідалаў. Амін.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/48/05/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.