1. Чаму не схаваныя ад Усемагутнага часіны, і тыя, што ведаюць Яго, ня бачаць дзён Ягоных?
  2. Межы перасоўваюць, гоняць статкі і пасьвяць у сябе;
  3. у сіротаў зводзяць асла, ва ўдавы бяруць пад заклад вала;
  4. бедных спіхваюць з дарогі, усе прыніжаныя зямлі вымушаны хавацца.
  5. Вось яны, як дзікія аслы ў пустыні, выходзяць на дзею сваю, устаючы рана на здабычу; стэп дае хлеб ім і дзецям іхнім;
  6. жнуць яны на полі не сваім і зьбіраюць вінагарад у бязбожніка;
  7. голыя начуюць без покрыва і бяз вопраткі на сьцюжы;
  8. мокнуць ад горных дажджоў і, ня маючы сховішча, ціснуцца да скалы;
  9. адрываюць ад саскоў сірату і з убогага бяруць заклад;
  10. прымушаюць хадзіць голымі, без адзеньня, і галодных кормяць каласамі;
  11. паміж сьценамі чавяць алей аліўкавы, топчуць у чавілах і прагнуць.
  12. У горадзе людзі стогнуць, і душа забіваных енчыць, і Бог не забараняе гэтага.
  13. Ёсьць сярод іх ворагі сьвятла, ня ведаюць ягоных шляхоў і ня ходзяць па сьцежках ягоных.
  14. На золку ўстае забойца, забівае беднага і ўбогага, а ўначы бывае злодзеем.
  15. І вока пералюбніка чакае сутоньня, кажучы: нічыё вока ня ўбачыць мяне, — і захінае твар.
  16. У цемры падкопваюцца пад дамы, якія ўдзень яны прыкмецілі сабе; ня ведаюць сьвятла.
  17. Бо ім раніца — сьмяротны цень, бо яны знаёмыя з жахамі сьмяротнага ценю.
  18. Лёгкі такі на паверхні вады, праклятая доля ягоная на зямлі, і не глядзіць ён на дарогу садоў вінаградных.
  19. Засуш і сьпёка паглынаюць сьнегавую ваду: так апраметная — грэшнікаў.
  20. Няхай забудзе яго нутроба матчыная; няхай ласуецца ім чарвяк; няхай не захаваецца пра яго памяць; як дрэва, няхай зломіцца беззаконьнік,
  21. які прыгнятае бязьдзетную, якая не раджала, і ўдаве ня робіць дабра.
  22. Ён і дужых зводзіць сілаю сваёю; ён устае, і ніхто ня пэўны за жыцьцё сваё.
  23. А Ён дае яму ўсё для бясьпекі, і ён на тое абапіраецца, і вочы Ягоныя бачаць шляхі іхнія.
  24. Падняліся высока, — і вось, няма іх; падаюць, і паміраюць, як і ўсе, і, як вярхі каласкоў, зразаюцца.
  25. Калі гэта ня так, — хто выкрые мяне за ману і ў нівеч аберне словы мае?

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/18/24/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.