1. І ад гэтага дрыжыць сэрца маё і зрушылася зь месца свайго.
  2. Слухайце, слухайце голас Яго і гром з вуснаў Ягоных.
  3. Пад усім небам раскаты Ягоныя, і бляск Ягоны — да краёў.
  4. За ім грыміць голас; грыміць Ён голасам велічы Сваёй і ня спыняе яго, калі голас Ягоны пачуты.
  5. Даўно грыміць Бог голасам Сваім, чыніць дзеі вялікія, нам не спасьцігальныя.
  6. Бо сьнегу Ён кажа: будзь на зямлі; гэтак сама дробны дождж і вялікі дождж у Ягонай уладзе.
  7. Ён кладзе пячатку на руку кожнаму чалавеку, каб усе людзі ведалі дзею Яго.
  8. Тады зьвер сыходзіць у сховішча і застаецца ў сваіх логавах.
  9. З поўдня прыходзіць бура, а з поўначы — сьцюжа.
  10. Ад павеву Божага паходзіць лёд, і паверхня вады сьціскаецца.
  11. Гэтак сама вільгацьцю напаўняе Ён хмары, і воблакі сеюць сьвятло Ягонае,
  12. і яны кіруюцца паводле намераў Ягоных, каб выканаць тое, што Ён загадае ім на ўлоньні населенай зямлі.
  13. Ён загадвае ім ісьці альбо дзеля пакараньня, альбо ў дабраволеньне, альбо дзеля памілаваньня.
  14. Слухай гэтага, Ёў; стой і разумей дзівосныя дзеі Божыя.
  15. Ці ведаеш, як Бог кіруе імі і загадвае сьвятлу зьзяць з воблака Свайго?
  16. Ці разумееш раўнавагу воблакаў, дзівосную дзею Найдасканалейшага ў веданьні?
  17. Як награваецца твая вопратка, калі Ён супакойвае зямлю з поўдня?
  18. Ці ж ты зь Ім распасьцёр нябёсы, цьвёрдыя, як літае люстра?
  19. Навучы нас, што сказаць Яму? Мы ў гэтай цемры нічога ня можам ведаць.
  20. Ці будзе абвешчана Яму, што я кажу? Ці сказаў хто, што сказанае даносіцца Яму?
  21. Цяпер ня бачна яркага сьвятла ў воблаках, але праляціць вецер і расчысьціць іх.
  22. Сьветлае надворэе прыходзіць з поўначы, і вакол Бога страшэнная прыгажосьць.
  23. Усеўладца! мы не дасягаем Яго. Ён вялікі сілаю і поўніцаю правасудзьдзя. Ён ні на кога не гняце.
  24. Таму хай багавеюць прад Ім людзі, і хай дрыжаць прад Ім усе мудрыя сэрцам!

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/18/37/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.