Ёв, разьдзел 36
- І гаварыў далей Эліуй і сказаў:
- пачакай мяне крыху, і я пакажу табе, што я маю яшчэ што сказаць за Бога.
- Пачну мае разважаньні здалёку і аддам справядлівасьць Садзецелю майму,
- бо словы мае сапраўды не мана: перад табою — дасканалы ў пазнаньні.
- Вось, Бог магутны і не пагарджае моцнага сілаю сэрца;
- Ён не падтрымлівае бязбожных і аддае належнае прыгнечаным;
- Ён не адварочвае вачэй Сваіх ад праведнікаў, а з царамі назаўсёды садзіць іх на троне, і яны ўзвышаюцца.
- Калі ж яны закаваныя ў ланцугі і трымаюцца ў аковах гароты,
- дык Ён паказвае ім на дзеі іхнія і на беззаконьні іхнія, бо яны памножыліся,
- і адчыняе ім вуха дзеля настаўленьня на розум і кажа ім, каб яны адхінуліся ад бязбожнасьці.
- Калі паслухаюцца і будуць служыць Яму, дык правядуць дні свае ў дабрадзенстве і гады свае ў радасьці;
- калі ж не паслухаюцца, дык загінуць ад стралы і памруць у неразумстве.
- А крывадушнікі пестуюць у сэрцы гнеў і не заклікаюць Яго, калі Ён замыкае іх у ковы;
- таму і душа іхняя памірае ў маладосьці і жыцьцё іхняе з блуднікамі.
- Ён ратуе беднага ад бяды ягонай і ва ўціску адчыняе вуха яму.
- І цябе вывеў бы Ён зь цясноцьця на прастору, дзе няма сьціску, і тое, што пастаўляецца на стол твой, было б напоўнена тлушчам;
- але ты перапоўнены думкамі бязбожных: меркаваньні іх і асуда — блізкія.
- Хай не пакарае цябе гнеў Божы караю! Вялікі выкуп ня выратуе цябе.
- Ці дасьць Ён якую цану твайму багацьцю? Не, — ні золату і ніякаму скарбу.
- Не жадай той ночы, калі народы вынішчаюцца на месцы сваім.
- Сьцеражыся, ня схіляйся да бязбожнасьці, якую ты паставіў над пакутаю.
- Бог высокі магутнасьцю Сваёю, і хто такі, як Ён, настаўнік?
- Хто пакажа Яму шлях Ягоны: хто можа сказаць: Ты робіш несправядліва?
- Памятай пра тое, каб узвышаць дзеі Ягоныя, якія людзі бачаць.
- Усе людзі могуць бачыць іх, чалавек можа бачыць іх здалёк.
- Вось, Бог вялікі, і мы ня можам спазнаць Яго; лік гадоў Ягоных недасьледны.
- Ён забірае кроплі вады; яны ў мностве выліваюцца дажджом:
- з хмараў капаюць і выліваюцца зьлівай на людзей.
- Хто можа таксама спасьцігнуць прыцягненьне воблакаў, трэск намёта Ягонага?
- Вось, Ён распасьцірае над ім сьвятло Сваё і пакрывае дно мора.
- Адтуль Ён судзіць народы, дае багата ежы.
- Ён трымае ў далонях Сваіх маланку і загадвае ёй, каго біць.
- Трэск яе дае знак пра яе; жывёлы таксама адчуваюць, што адбываецца.
|
Выбор перевода и языка
|