1. Добрае імя лепшае за вялікае багацьце, і добрая слава лепшая за срэбра і золата.
  2. Багаты і бедны сустракаюцца адзін з адным; таго і другога стварыў Гасподзь.
  3. Разумны бачыць бяду і хаваецца; а нявопытныя ідуць наперад, прымаюць кару.
  4. За пакораю ідзе сьледам страх Гасподні, багацьце і слава і жыцьцё.
  5. Церні і сеткі на дарозе падступнага; хто беражэ душу сваю, адыдзіся ад іх.
  6. Наставі юнака на пачатку шляху яго: ён ня збочыць зь яго, калі і састарыцца.
  7. Багаты пануе над бедным, і даўжнік робіцца рабом пазычальніка.
  8. Хто сее няпраўду, пажне буру, і біч гневу яго прападзе.
  9. Міласэрны будзе дабраславёны, бо дае беднаму ад хлеба свайго.
  10. Прагані блюзьнера, і зьнікне разлад, і выйдзе зь ім свара і кляцьба.
  11. Хто любіць чысьціню сэрца, той мае прыемнасьць на вуснах, таму цар — сябар.
  12. Вочы Госпада ахоўваюць веды, а словы вераломнікаў Ён абвяргае.
  13. Гультай кажа: «леў на вуліцы! сярод плошчы заб'юць мяне!»
  14. Глыбокая прорва — вусны распусьніц; на каго ўгневаецца Гасподзь, той упадзе туды.
  15. Глупства прывязалася да сэрца юнака; але дубец выхаваньня адвядзе яе ад яго.
  16. Хто крыўдзіць беднага, каб памножыць сваё багацьце, і хто дае багатаму, той зьбяднее.
  17. Прыхілі вуха тваё, і слухай словы мудрых, і сэрца тваё павярні да маіх ведаў;
  18. бо добра будзе, калі ты будзеш хаваць іх у сэрцы тваім, і яны будуць таксама на вуснах тваіх.
  19. Каб надзея твая была на Госпада, я вучу цябе і сёньня, і ты памятай.
  20. Ці ж ня пісаў я табе тройчы ў парадах і ў настаўленьні,
  21. каб навучыць цябе дакладным словам ісьціны, каб ты мог сказаць словы ісьціны тым, хто папытае ў цябе?
  22. Не абірай беднага, бо ён бедны; і не заціскай няшчаснага ў браме;
  23. бо Гасподзь заступіцца за справу іхнюю і забярэ душу ў рабаўнікоў іхніх.
  24. Не сябруй зь гняўлівым і ня супольнічай з чалавекам запальчывым,
  25. каб ня стаць на шляхі ягоныя і не наклікаць пятлі на душу тваю.
  26. Ня будзь з тых, якія даюць рукі і ручаюцца за пазыкі.
  27. Калі табе няма чым заплаціць, дык навошта даводзіць сябе, каб узялі пасьцель тваю з-пад цябе.
  28. Не перасоўвай мяжы даўняй, якую правялі бацькі твае.
  29. Ці бачыў ты чалавека спраўнага ва ўчынках сваіх? Ён будзе стаяць перад царамі; ён ня будзе стаяць перад простымі.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/20/22/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.