1. Не зайздросьці ліхім людзям і ня прагні быць зь імі:
  2. бо пра насільле думае сэрца іхняе, і пра ліхое гавораць вусны іхнія.
  3. Мудрасьцю ладзіцца дом і розумам сталюецца,
  4. і праз гаспадарчасьць нутро яго напаўняецца ўсякай каштоўнай і прыемнай маёмасьцю.
  5. Чалавек мудры — дужы, і чалавек разумны мацуе сілу сваю.
  6. Таму абдумана вядзі вайну тваю, і посьпех будзе пры мностве радцаў.
  7. Неразумнаму мудрасьць занадта высокая; каля брамы не разамкне ён вуснаў сваіх.
  8. Хто намышляе зрабіць зло, таго называюць зламысьнікам.
  9. Намысел неразумнага — грэх, і блюзьнер — мярзота людзям.
  10. Калі ты ў дзень бедства зьнясіліўся, дык бедная сіла твая.
  11. Ратуй узятых на сьмерць, і няўжо ты адмовішся ад асуджаных на ўбой?
  12. Ці скажаш: «вось, мы ня ведалі гэтага?» А Выпрабавальнік сэрцаў хіба ня ведае? Назіральнік за душою тваёю ведае гэта і дасьць чалавеку паводле ўчынкаў ягоных.
  13. Еж, сыне мой, мёд, бо ён смачны, і сотавы, бо ён салодкі паднябеньню майму:
  14. такое і спазнаньне мудрасьці для душы тваёй. Калі ты знайшоў яе, дык ёсьць будучыня, і надзея твая ня марная.
  15. Не намышляй ліха, бязбожнік, супроць жытлішча праведнага; ня спустошвай месца спакою ягонага.
  16. Бо сем разоў упадзе праведнік і ўстане; а бязбожныя тонуць у пагібелі.
  17. Ня радуйся, калі ўпадзе вораг твой; і хай не весяліцца сэрца тваё, калі ён спатыкнецца.
  18. Інакш убачыць Гасподзь, і не даспадобы будзе Яму гэта, і Ён адверне ад яго Свой гнеў.
  19. Не абурайся ліхадзеямі і не зайздросьці бязбожнікам:
  20. бо ліхі ня мае будучыні — сьветач бязбожных патухне.
  21. Бойся, сыне мой, Госпада і цара; і зь мяцежнікамі ня супольнічай,
  22. бо зьнянацку прыйдзе пагібель на іх; і бяду ад іх абодвух хто загадзя ўведае?
  23. Сказана таксама мудрымі: зважаць на асобы ў судзе — нядобра.
  24. Хто кажа вінаватаму: «твая праўда», таго праклянуць народы, таго зьненавідзяць плямёны;
  25. а тыя, што судзяць справядліва, будуць любасныя, бо прыйдзе на іх дабраславеньне.
  26. У вусны цалуе той, хто адказвае словамі правільнымі.
  27. Зрабі справы свае па-за домам, закончы іх на полі тваім, а потым уладжвай і дом твой.
  28. Ня сьведчы ілжыва на блізкага твайго; навошта табе ашукваць вуснамі тваімі?
  29. Не кажы: «як ён зрабіў са мною, так і я зраблю зь ім, адплачу чалавеку паводле ўчынкаў ягоных».
  30. Праходзіў я ўскрай поля чалавека лянівага і ўскрай вінаградніка чалавека неразумнага.
  31. І вось, усе гэта зарасло крапівою, паверхня яго збуяла бадзякамі, і каменны мур абваліўся.
  32. І падзівіўся я, і ўзяў да сэрца, і ўбачыў, і атрымаў навуку:
  33. «крыху пасьпіш, крыху падрэмлеш, крыху, рукі згарнуўшы, паляжыш;
  34. і прыйдзе беднасьць твая, як разбойнік, і галеча твая — як чалавек узброены».

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/20/24/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.