1. Браты мае! ня многія рабецеся настаўнікамі, ведаючы, што мы тым большай асуды дастаём.
  2. бо ўсе мы шмат грэшым; хто ня грэшыць у слове, той чалавек дасканалы, ён можа ацугляць і ўсё цела.
  3. Вось, мы ўкладваем кілзы коням у храпу, каб яны пакорыліся нам, і ўсім целам іхнім кіруем.
  4. Вось, і караблі, хоць якія вялікія яны і хоць якімі моцнымі вятрамі гнаныя, невялікім стырном кіруюцца, куды хоча стырнік;
  5. гэтак сама і язык — невялікі чэлес, але многа робіць. Паглядзі, невялікі вагонь як многа рэчыва паліць;
  6. і язык — вагонь; як сьвет няпраўды; язык так пастаўлены сярод чэлесаў нашых, што апаганьвае ўсё цела і запальвае кола жыцьця, і сам запальваецца ад геены;
  7. бо ўсякая прырода зьвяроў і птушак, плазуноў і марскіх жывёлін таймуецца і ўтаймавана прыродаю чалавечай,
  8. а язык утаймаваць ніхто зь людзей ня можа: гэта — неўтаймавальнае ліха; ён поўны сьмяротнай атруты.
  9. Ім дабраславім Бога і Айца, і ім праклінаем людзей, створаных у падабенстве да Бога.
  10. З тых самых вуснаў сыходзяць дабраславеньне і праклён; не павінна, браты мае, гэтак быць.
  11. Хіба цячэ з адных вуснаў крыніцы салодкая і горкая вада?
  12. Ня можа, браты мае, смакоўніца радзіць масьліны альбо вінаградная лаза смоквы; гэтак сама і адна крыніца ня можа выліваць салёную і салодкую ваду.
  13. Ці мудры і разумны хто з вас, дакажы гэта ў дзеях добрымі паводзінамі з мудрай пакораю.
  14. Але калі ў сэрцы вашым вы маеце горкую зайздрасьць і сварлівасьць, дык не хвалецеся і ня хлусеце на праўду:
  15. гэта бо ня мудрасьць, што згары прыходзіць, а зямная, плоцкая, дэманская;
  16. бо дзе зайздрасьць і зьвяга, там незлагадзь і ўсё ліхое.
  17. А мудрасьць, якая прыходзіць згары, найперш — чыстая, потым — згодлівая, лагодная, пакорлівая, поўная мілажальнасьці і добрых пладоў, неадступная, і некрывадушная.
  18. А плод праўды ў міры сеецца творцамі міру.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/45/03/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.