1. У той самы год, — на пачатку цараваньня Сэдэкіі, цара Юдэйскага, — у чацьвёрты год, у пяты месяц, Ананія, сын Азураў, прарок з Гаваона, казаў мне ў доме Гасподнім на вачах у сьвятароў і ўсяго народа і сказаў:
  2. так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў; паламаю ярмо цара Вавілонскага;
  3. праз два гады я вярну на месца гэтае ўвесь посуд дома Гасподняга, якія Навухаданосар, цар Вавілонскі, узяў з гэтага месца і перанёс іх у Вавілон;
  4. І Еханію, сына Ёакімавага, цара Юдэйскага, і ўсіх палонных Юдэяў, якія прыйшлі ў Вавілон, Я вярну на месца гэтае, кажа Гасподзь; бо паламаю ярмо цара Вавілонскага.
  5. І сказаў Ерамія прарок прароку Ананіі на вачах у сьвятароў і на вачах ва ўсяго народа, што стаялі ў доме Гасподнім, —
  6. і сказаў Ерамія прарок: хай будзе так, як учыніць гэта Гасподзь! хай спраўдзіць Гасподзь словы твае, якія ты сказаў пра вяртаньне з Вавілона посуду дома Гасподняга і ўсіх палонных на месца гэта!
  7. Толькі выслухай слова гэтае, якое я скажу ўголас табе і ў голас усяму народу:
  8. прарокі, якія здавён былі да мяне і да цябе, прадказвалі многім землям і вялікім царствам вайну і бедства і паморак.
  9. Калі які прарок прадказваў мір, дык тады толькі ён прызнаваны быў за прарока, якога сапраўды паслаў Гасподзь, калі збывалася слова таго прарока.
  10. Тады прарок Ананія ўзяў ярмо з шыі Ераміі прарока і паламаў яго.
  11. І сказаў Ананія на вачах усяго народа гэтыя словы: «так паламаю ярмо Навухаданосара, цара Вавілонскага, праз два гады, зьняўшы яго з шыі ўсіх народаў». І пайшоў Ерамія сваёй дарогай.
  12. І было слова Гасподняе Ераміі пасьля таго, як прарок Ананія паламаў ярмо на шыі прарока Ераміі:
  13. ідзі і скажы Ананію: так кажа Гасподзь: ты паламаў ярмо драўлянае — і зробіш замест яго ярмо жалезнае.
  14. Бо так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: жалезнае ярмо накладу на шыю ўсіх гэтых народаў, каб яны працавалі Навухаданосару, цару Вавілонскаму, і яны будуць служыць яму, і нават зьвяроў польных Я аддам яму.
  15. І сказаў прарок Ерамія прароку Ананію: паслухай, Ананія: Гасподзь цябе не пасылаў, і ты абнадзейваеш народ гэты фальшыва.
  16. Пасьля гэтага так кажа Гасподзь: вось, Я скіну цябе з улоньня зямлі; у гэтым самым годзе ты памрэш, бо ты гаворыш насуперак Госпаду.
  17. І памёр прарок Ананія ў тым самым годзе, на сёмым месяцы.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/24/28/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.