1. Замест Еханіі, сына Ёакімавага, цараваў Сэдэкія, сын Ёсіі, якога Навухаданосар, цар Вавілонскі, паставіў царом у зямлі Юдэйскай.
  2. Ні ён, ні слугі ягоныя, ні народ краіны ня слухалі словаў Госпада, якія казаў Ён празь Ерамію прарока.
  3. Цар Сэдэкія паслаў Егухала, сына Сэлэміі, і Сафонію, сына Маасэевага, сьвятара, да Ераміі прарока сказаць: «памаліся за нас Госпаду Богу нашаму».
  4. Ерамія тады яшчэ свабодна ўваходзіў і выходзіў сярод народа, бо ня ўвязьнілі яго ў цямніцу.
  5. Тым часам войска фараонава выступіла зь Егіпта, і Халдэі, якія аблягалі Ерусалім, пачуўшы вестку пра тое, адступілі ад Ерусаліма.
  6. І было слова Гасподняе Ерамію прароку:
  7. так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: так скажэце цару Юдэйскаму, які паслаў вас да Мяне спытацца ў Мяне: вось, войска фараонавае, якое ішло да вас з дапамогаю, вернецца ў зямлю сваю, у Егіпет;
  8. а Халдэі зноў прыйдуць і будуць ваяваць супроць горада гэтага, і возьмуць яго і спаляць яго агнём.
  9. Так кажа Гасподзь: не ашуквайце сябе, кажучы: «мусова адыдуць ад нас Халдэі», бо яны не адыдуць;
  10. калі б вы нават разьбілі ўсё войска Халдэяў, якія ваююць супроць вас, і засталіся б у іх толькі параненыя, дык і тыя ўсталі б, кожны з намёту свайго, і спалілі б горад гэты агнём.
  11. У той час, калі войска Халдэйскае адступіла ад Ерусаліма, з прычыны войска фараонавага,
  12. Ерамія пайшоў зь Ерусаліма, каб сысьці ў зямлю Веньямінавую, хаваючыся адтуль сярод народа.
  13. Але калі ён быў у браме Веньямінавай, начальнік варты, які там быў, на імя Ірэія, сын Сэлэміі, сына Ананіі, затрымаў Ерамію прарока, сказаўшы: «ты хочаш перабегчы да Халдэяў?».
  14. Ерамія сказаў: гэта — хлусьня; я не хачу перабегчы да Халдэяў. Але ён не паслухаў яго, і ўзяў Ірэія Ерамію і прывёў яго да князёў.
  15. Князі раззлаваліся на Ерамію і білі яго, і ўвязьнілі яго ў цямніцу, у дом Ёнатана пісца, бо зрабілі яго цямніцаю.
  16. Калі Ерамія ўвайшоў у цямніцу і ў склеп, і прабыў там Ерамія шмат дзён,
  17. цар Сэдэкія паслаў і ўзяў яго. І пытаўся ў яго цар у доме сваім таемна і сказаў: «ці няма слова ад Госпада?», Ерамія сказаў: «ёсьць», і сказаў: «ты будзеш аддадзены ў рукі цара Вавілонскага».
  18. І сказаў Ерамія цару Сэдэкіі: «чым я зграшыў перад табою і перад слугамі тваімі, і перад народам гэтым, што вы пасадзілі мяне ў цямніцу?
  19. і дзе вашыя прарокі, якія прарочылі вам, кажучы: »цар Вавілонскі ня пойдзе супроць вас і супроць зямлі гэтай«?
  20. І сёньня паслухай, спадару мой цар, хай упадзе дараваньне маё перад аблічча тваё; не вяртай мяне ў дом Ёнатана пісца, каб мне не памерці там».
  21. І даў загад цар Сэдэкія, каб увязьнілі Ерамію ў двары варты і давалі яму па кавалку хлеба на дзень з вуліцы пекараў, пакуль ня кончыўся ўвесь хлеб у горадзе. І так заставаўся Ерамія ў двары варты.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/24/37/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.