1. Псальма Давіда, калі ён удаваў зь сябе вар'ята перад Авімэлэхам і быў ад яго выгнаны, і пайшоў.
  2. Дабраслаўляю Госпада ва ўсякую пору; хвала Яму няспынная ў вуснах маіх.
  3. Госпадам будзе хваліцца душа мая; пачуюць пакорныя і ўзьвяселяцца.
  4. Вялічайце Госпада са мною, і ўзносьма імя Ягонае разам.
  5. Я шукаў Госпада, і Ён пачуў мяне і ад усякіх небясьпекаў маіх вызваліў мяне.
  6. Хто прыглядваўся да Яго, тыя прасьвятліліся, і твары іхнія ня зьведаюць сораму.
  7. Вось убогі паклікаў, — і Гасподзь пачуў і ўратаваў яго ад усіх ягоных бедаў.
  8. Гасподні анёл паўстае вакол тых, хто баіцца Яго, — і іх вызваляе.
  9. Паспытайце і ўбачыце, які добры Гасподзь! Дабрашчасны той чалавек, што на яго спадзяецца!
  10. Бойцеся Госпада, усе сьвятыя Ягоныя; бо ня маюць нястачы тыя, што баяцца Яго.
  11. Ільвяняты церпяць нягоды і голад, а богашукальнікі ня церпяць нястачы ні ў якім дабры.
  12. Прыйдзеце, дзеці, паслухайце мяне: страху Гасподняму вас навучу.
  13. Ці хоча чалавек жыць і ці любіць дабрадзенства, каб бачыць дабро?
  14. Трымай язык свой ад злога і вусны свае ад падступных словаў.
  15. Ухіляйся ад ліха і рабі дабро; шукай міру і йдзі за ім.
  16. Вочы Гасподнія — на праведных, і вушы Ягоныя — на скаргу іхнюю.
  17. А аблічча Гасподняе — супроць тых, што робяць ліхое, каб зьвесьці зь зямлі памяць пра іх.
  18. Клічуць, і Гасподзь чуе, і ад усіх уціскаў іх вызваляе.
  19. Блізкі Гасподзь да тых, у каго зламанае сэрца, і пакорлівых духам — уратуе.
  20. Многа турботаў у праведніка, і ад усіх іх Гасподзь вызваляе.
  21. Ён хавае ўсе косткі ягоныя; і ніводная не паламаецца!
  22. Зло заб'е грэшніка, і ненавісьнікі праведнасьці загінуць.
  23. Гасподзь вызваліць душу рабоў Сваіх, і не загіне ніхто, хто на Яго спадзяецца.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/19/34/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.