Ёв, разьдзел 4
- І адказваў Эліфаз Фэманіцянін і сказаў:
- калі паспрабуем мы сказаць табе слова, — ці ня цяжка будзе табе? Урэшце, хто можа забараніць слова!
- Вось, ты настаўляў многіх і кволыя рукі падтрымліваў,
- таго, хто падаў, падымалі словы твае, і аслаблыя калені ты мацаваў.
- А цяпер дайшло да цябе, і зьнямогся ты; дайшло да цябе, і ты падупаў духам.
- Богабаязнасьць твая ці ж не павінна быць тваёю надзеяй, і беспахібнасьць шляхоў тваіх — спадзяваньнем тваім?
- Згадай жа, ці гінуў хто невінаваты, і дзе праведных выкарчоўвалі б?
- Як я бачыў, дык тыя, што аралі бязбожнае і сеялі ліхое, жнуць яго;
- ад павеву Божага гінуць і ад духу гневу Ягонага чэзнуць.
- Рык ільва і голас таго, хто рыкае, моўкне, і зубы львянят крышацца;
- магутны леў гіне без здабычы, і дзеці ільвіцы расьсейваюцца.
- І вось да мяне таемна данеслася слова, і вуха маё прыняло нешта ад яго.
- Сярод разважаньняў пра начныя відзежы, калі сон ахінае людзей,
- агарнуў мяне жах і дрыгат і скалануў усе косьці мае.
- І дух прайшоў над мною; дыбарам сталі валасы на мне.
- Ён стаў, — але я не пазнаў твару ягонага, — толькі аблічча было перад вачыма маімі; ціхі павеў, — і я чую голас:
- ці ж чалавек справядлівейшы за Бога? і мужчына ці ж чысьцейшы за Творцу свайго?
- Вось, Ён і слугам Сваім не давярае і ў анёлах Сваіх бачыць заганы:
- тым болей — у тых, што жывуць у харомінах з гліны, аснова якіх пыл, якія нішчацца хутчэй за моль.
- З раніцы да вечара яны распадаюцца; ня згледзіш, як яны зьнікнуць зусім.
- Ці ня гінуць разам зь імі і вартасьці іхнія? Яны паміраюць, не дасягнуўшы мудрасьці.
|
Выбор перевода и языка
|