1. Запавет паклаў я з вачамі маімі, каб ня думаць пра дзяўчыну.
  2. Якая ж доля мне ад Бога згары? І якая спадчына ад Усемагутнага зь нябёсаў?
  3. Ці не для бязбожніка пагібель, і напасьце ці ж не для таго, хто ўчыняе ліха?
  4. Ці ж ня бачыў Ён шляхоў маіх і ці ня лічыў усіх маіх крокаў?
  5. Калі я хадзіў у марнасьці, і калі нага мая сьпяшалася на хітрыкі, —
  6. няхай узважаць мяне на вагах праўды, і Бог даведаецца пра маю беззаганнасьць.
  7. Калі ступакі мае ўхіляліся ад дарогі і сэрца маё ішло сьледам за вачамі маімі, і калі што-небудзь нячыстае прыстала да рук маіх,
  8. дык няхай я сею, а іншы есьць, і хай парасткі мае выкараненыя будуць.
  9. Калі сэрца маё спакушалася жанчынаю і я ставіў пасткі каля дзьвярэй майго блізкага, —
  10. хай мая жонка меле на іншага, і хай іншыя зьдзекуюцца зь яго,
  11. бо гэта — злачынства, гэта — беззаконьне, якое падпадае суду;
  12. гэта — агонь, які зьядае да зьнішчэньня, які зьнішчыў бы ўсё дабро маё.
  13. Калі я меў у занядбаньні правы слугі і служанкі маёй, калі яны спрачаліся са мною,
  14. дык што я пачаў бы рабіць, калі б Бог паўстаў? І калі б Ён паглядзеў на мяне, што мог бы я адказваць Яму?
  15. Ці ня Ён, Які стварыў мяне ў чэраве, стварыў і яго і гэтак сама нас у нутробе?
  16. Ці ж бы адмаўляў я ў просьбе тым, што мелі патрэбу, ці ж таміў бы вочы ўдавы?
  17. Ці ж адзін я зьядаў кавалак мой, і ці ж ня еў ад яго і сірата?
  18. Бо змалку ён рос са мною, як з бацькам, і ад чэрава маці маёй я кіраваў удаву.
  19. Калі я бачыў каго, хто гінуў бяз вопраткі, і беднага бяз покрыва, —
  20. ці ж не дабраслаўлялі мяне сьцёгны ягоныя, і ці ня быў ён сагрэты воўнаю авечак маіх?
  21. Калі я падымаў руку маю на сірату, калі бачыў дапамогу сабе каля брамы,
  22. дык няхай плячук мой адпадзе ад спіны, і рука мая хай адломіцца ад локця,
  23. бо страшная мне кара ад Бога: перад веліччу Яго ня ўстояў бы я.
  24. Ці закладваў я ў золаце апору маю і ці казаў скарбу: ты — надзея мая?
  25. Ці радаваўся я, што багацьце маё было вялікае, і што рука мая набыла многа?
  26. Гледзячы на сонца, як яно зьзяе, і на месяц, як ён велічна крочыць,
  27. ці паквапіўся я ў таямніцы сэрца майго, і ці цалавалі вусны мае руку маю?
  28. Гэта таксама было б злачынства, якое падлягае суду, бо я адрокся б тады ад Бога Ўсявышняга.
  29. Ці радаваўся я пагібелі ворага майго і ці трыумфаваў, калі няшчасьце напаткала яго?
  30. Не дазваляў я вуснам маім грашыць праклёнам душы ягонай.
  31. Ці ж не казалі людзі намёта майго: о, калі б мы ад мяса ягонага не насыціліся?
  32. Дарожнік не начаваў на вуліцы; дзьверы мае праходжаму я адчыняў.
  33. Калі б я ўтойваў правіны мае, як чалавек, утойваючы ў грудзях маіх заганы мае,
  34. дык я баяўся б вялікай грамады, і пагарда аднапляменцаў палохала б мяне, і я маўчаў бы і ня выходзіў бы за дзьверы.
  35. О, калі б хто выслухаў мяне! Вось маё жаданьне, каб Усеўладны адказваў мне, і каб абаронца мой склаў запіс.
  36. Я насіў бы яго на плячах маіх і ўскладваў бы яго, як вянок;
  37. абвясьціў бы яму колькасьць крокаў маіх, зблізіўся б зь ім, як з князем.
  38. Калі б лямантавала на мяне зямля мая і скардзіліся на мяне барозны яе,
  39. калі я еў плады яе без платы і абцяжваў жыцьцё земляробаў,
  40. дык хай замест пшаніцы вырастуць ваўчкі і замест ячменю куколь. — Слова Ёва скончылася.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/18/31/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.