Псалтыр, псальма 44
- Кіроўцу хору. Вучэньне. Сыноў Карэевых.
- Божа, мы чулі на вушы свае, бацькі нашыя нам апавядалі пра дзею, якую ўчыніў Ты ў іхнія дні, у дні пракаветныя.
- Ты рукою Тваёю панішчыў народы, а іх насадзіў; расьсеяў плямёны і выгнаў іх;
- бо ня мечам сваім яны зямлю набылі, і ня іхняя мышца іх выратавала, а Твая правіца і мышца Твая і сьвятло аблічча Твайго; бо дабраволіў ім.
- Божа, Цару мой! Ты — той самы; даруй ратунак Якаву.
- З табою паборам рагамі супраціўнікаў нашых; у імя Тваё патопчам нагамі і тых, што паўсталі на нас;
- бо не на лук мой спадзяюся, і ня меч мой уратуе мяне;
- а Ты ўратуеш нас ад ворагаў нашых, і пасароміш ненавісьнікаў нашых.
- Хваліцьмемся Богам штодня, і імя Тваё будзем славіць вечна.
- Ад сёньня Ты адкінуў нас і пасароміў, і ня выходзіш з войскам нашым,
- змусіў нас уцякаць ад ворага, і ненавісьнікі нашы рабуюць нас;
- Ты аддаў нас, як авечак, на поед, і расьсеяў нас між народамі;
- бяз выгоды прадаў Ты народ Твой, і не падвысіў яму цаны;
- аддаў нас на зьдзекі суседзям, на глум і зьнявагу наўкольным;
- Ты зрабіў нас пагудкаю паміж народамі, і галавою хітаюць народы з нас.
- Кожны дзень зьнявага мая перада мною, і сорам на твары маім
- ад голасу паклёпнікаў і зьняважнікаў, ад позіркаў ворага і помсьніка:
- усё гэта найшло на нас; але мы не забылі Цябе і запавету Твайго не парушылі.
- Не адступілася сэрца наша, і ня ўхіліліся нашыя ногі ад дарогі Тваёй,
- калі скрышыў Ты нас у зямлі шакалаў і акрыў нас ценем сьмяротным.
- Калі б мы забыліся імя Бога нашага і працягнулі рукі нашы да Бога чужога,
- дык ці не спагнаў бы за гэта Бог? Бо Ён ведае таямніцы сэрца.
- Але за Цябе забіваюць нас кожнага дня, прымаюць нас за авечак ахвярных…
- Паўстань, чаго сьпіш, Госпадзе! прачніся, не адкінь назаўсёды.
- Навошта хаваеш аблічча Тваё, забываеш пра скруху нашу і пра нашыя ўціскі?
- бо душа наша зьніжаная да пылу, і да зямлі наша цела прыпала.
- Паўстань жа на дапамогу нам, і дзеля ласкі Тваёй выратуй нас.
|
Выбор перевода и языка
|