Ерамія, разьдзел 48
- Пра Мааў так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў: гора Нэво! ён спустошаны; Карыятаім пасаромлены і ўзяты; Мізгаў пасаромлены і разьбіты.
- Няма болей славы Маава; у Эсэвоне намышляюць супроць яго ліхое: «хадзем», скасуем яго зь ліку народаў«. І ты, Мадмэна, загінеш; меч ідзе сьледам за табою.
- Чуцен лямант ад Аранаіма, спусташэньне і разбурэньне вялікае.
- Разьбіты Мааў; ляманту нарабілі дзеці ягоныя.
- На ўзыходзе ў Лухіт плач і плач падымаецца; і на спуску з Аранаіма непрыяцель чуе лямант пра руйнаваньне.
- Уцякайце, ратуйце жыцьцё сваё, і будзьце падобныя на голае дрэва ў пустыні.
- Як бо ты спадзяваўся на дзеі твае і на скарбы твае, дык і ты будзеш узяты, Хамос пойдзе ў палон, разам са сваімі сьвятарамі і сваімі князямі.
- І прыйдзе спусташальнік на ўсякі горад, і горад не ацалее; і загіне даліна, і апусьцее раўніна, як сказаў Гасподзь.
- Дайце крылы Мааву, каб ён мог паляцець; гарады яго будуць пустыняю, бо ня будзе каму жыць у іх.
- Пракляты, хто справу Гасподнюю робіць абы як, і пракляты, хто стрымлівае меч Яго ад крыві!
- Мааў з маладосьці сваёй быў у спакоі, сядзеў на дрожджах сваіх і яго не пералівалі з посуду ў посуд, і ў палон не хадзіў; таму і заставаўся ў ім смак яго, і пах яго не мяняўся.
- Таму вось, прыходзяць дні, кажа Гасподзь, калі Я прышлю да яго пералівальнікаў, якія перальюць яго і спарожняць посуд яго, і паб'юць збаны ягоныя.
- І пасаромлены будзе Мааў дзеля Хамоса, як дом Ізраілеў пасаромлены быў дзеля Вэтыля, надзеі сваёй.
- Як вы кажаце: »мы людзі адважныя і моцныя для вайны?«
- спустошаны Мааў, і гарады яго гараць, і адборныя хлопцы яго пайшлі на закол, кажа Цар, — Гасподзь Саваоф імя Яго.
- Блізкая пагібель Маава, і вельмі сьпяшаецца бедства ягонае.
- Пашкадуйце яго ўсе суседзі ягоныя, і ўсе, хто ведае імя яго, скажэце: »як паламана жазло сілы, посах славы!«
- Сыдзі з вышыні велічы і сядзі ў смазе, дачка — жыхарка Дывона; бо спусташальнік Маава прыйдзе да цябе і зруйнуе ўмацаваньні твае.
- Стань каля дарогі і глядзі, жыхарка Араэра, пытайся ў таго, хто бяжыць і ратуецца: »што сталася?"
- Пасаромлены Мааў, бо разьбіты; галасеце і енчыце, абвясьцеце ў Арноне, што спустошаны Мааў.
- І суд прыйшоў на раўніны, на Халон і на Яацу, і на Мафат,
- і на Дывон і на Нэво, і на Бэт-Дыўлатаім,
- і на Карыятаім і на Бэт-Гамул, і на Бэт-Маон,
- і на Керыот на Васор, і на ўсе гарады зямлі Маавіцкай, далёкія і блізкія.
- адсечаны рог у Маава, і мышца яго зламана, кажа Гасподзь
- Напаеце яго п'яным, бо ён падняўся супроць Госпада: і хай Мааў качаецца ў ванітах сваіх, і сам будзе пасьмешышчам.
- Ці ня быў пасьмешышчам, у цябе Ізраіль? хіба ён быў злоўлены сярод злодзеяў, што ты, бывала, як толькі загаворыш пра яго, круціш галавою?
- Пакіньце гарады і жывеце на скалах, жыхары Маава, і будзьце, як галубы, якія робяць гнёзды каля ўваходу ў пячору.
- Мы чулі пра гонар Маава, гонар надмерны, пра ягоную пыху і фанабэрыю, і задавацтва яго і ганарлівасьць сэрца ягонага.
- Ведаю Я дзёрзкасьць ягоную, кажа Гасподзь, але гэта — ненадзейна; пустыя словы ў яго: ня так зробяць.
- Таму буду галасіць па Мааве і енчыць па ўсім Мааве; будуць уздыхаць па мужчынах Кірхарэса.
- Буду плакаць па табе, вінаграднік Сэвамскі, плачам Язэра; галіны твае распасьцерліся за мора, дасталі да возера Язэра; спусташальнік напаў на летнія плады твае і на сьпелы вінаград.
- Радасьць і весялосьць забраны ў Карміла і ў зямлі Маава. Я паклаў крэс віну ў чавільнях; ня будуць болей таптаць у іх зь песьнямі; крык бітвы будзе, а ня крык радасьці.
- Ад ляманту Эсэвона да Элеалы і да Яацы яны падымуць голас свой ад Сігора да Аранаіма, да трэцяй Эглы, бо і воды Німрыма высахнуць.
- Зьнішчу ў Маава, кажа Гасподзь, тых, што прыносяць ахвяры на вышынях і кадзяць божышчам ягоным.
- Таму сэрца маё стогне па Мааве як жалейка; па жыхарах Кірхарэса стогне сэрца маё як жалейка, бо багацьці, імі здабытыя, загінулі:
- у кожнага галава голая і ў кожнага барада ўкарочаная; ва ўсіх на руках драпіны і на сьцёгнах вярэта.
- На ўсіх дахах Маава і на вуліцах яго агульны плач, бо Я разьбіў Маава, як непатрэбны посуд, кажа Гасподзь.
- Які разьбіты ён, будуць казаць галосячы; як Мааў пакрыўся сорамам, паказаўшы сьпіну! і будзе Мааў пасьмешышчам і жахам усім, хто акружае яго,
- бо так кажа Гасподзь: вось, як арол, паляціць ён і раскіне крылы свае над Маавам.
- Гарады будуць узятыя, і цьвярдыні заваёваны, і сэрца адважных Маавіцян будзе ў той дзень як сэрца жанчыны, што пакутуе ў родах.
- І вынішчаны будзе Мааў зь ліку народаў, бо ён паўстаў супроць Госпада.
- Жудасьць і яма і шворка — табе, жыхар Маава, сказаў Гасподзь.
- Хто ўцячэ ад жудасьці, — упадзе ў яму; а хто выйдзе зь ямы, — трапіць у шворку; бо Я навяду на яго, на Маава, гадзіну наведваньня іх, кажа Гасподзь.
- Пад ценем Эсэвона спыніліся ўцекачы, зьнясілеўшы; але агонь выйшаў з Эсэвона і полымя з асяродзьдзя Сігона, і зжарэ бок Маава і цемя сыноў мяцежных.
- Гора табе, Мааве! загінуў народ Хамоса, бо сыны твае ўзяты ў палон, і дочкі твае — у палон,
- але апошнімі днямі вярну палон Маава, кажа Гасподзь. Дагэтуль суд на Маава.
|
Выбор перевода и языка
|