Псалтыр, псальма 59
- Кіроўцу хору. Не загубі. Залатая псальма Давіда, калі Саўл паслаў пільнаваць дом ягоны, каб забіць яго.
- Вызваль мяне ад маіх ворагаў, Божа мой! абарані мяне ад тых, што на мяне паўстаюць.
- вызваль мяне ад злачынцаў; уратуй ад крыважэрных,
- бо вось, яны цікуюць за душою маёю; на мяне зьбіраюцца дужыя, не за правіну маю і не за грэх мой, Госпадзе;
- бязь віны маёй зьбягаюцца і зброю рыхтуюць; паўстань мне на дапамогу, і паглядзі.
- Ты, Госпадзе, Божа сілы, Божа Ізраілеў, паўстань, каб наведаць усе народы, не шкадуй нікога зь бязбожных беззаконьнікаў:
- увечары вяртаюцца яны, як сабакі скуголяць, і вакол горада ходзяць:
- вось, яны вырыгаюць нагану сваім языком; у іхніх вуснах — мечы: «бо», думаюць, «хто чуе?».
- Але Ты, Госпадзе, зь іх пасьмяешся; Ты пасароміш усе народы.
- Сіла — у іх, але я да Цябе іду, бо Бог — мой заступнік.
- Бог мой, Які любіць мяне, папярэдзіць мяне; Бог дасьць мне глядзець на ворагаў маіх.
- Не забівай іх, каб не забыўся народ мой; разьвей іх сілаю Тваёю, і скінь іх, Госпадзе, наш абаронца.
- Слова іхняга языка ёсьць грэх іхніх вуснаў; няхай пыхай сваёю яны зловяцца, за прысягу і за ману, якую яны вымаўляюць.
- У гневе іх зьнішчы, зьнішчы, каб прапалі яны; і хай ведаюць, што Бог валадарыць над Якавам аж да краю зямлі.
- Хай вяртаюцца ўвечары, як сабакі скуголяць, і вакол горада ходзяць;
- хай бадзяюцца, ежу шукаюць, і ў нянасыці ночы праводзяць.
- А я буду славіць сілу Тваю і з самае раніцы ласку Тваю абвяшчаць; бо Ты быў аслонаю мне і сховам у дзень майго бедства.
- Сіла мая! Цябе буду я апяваць; бо Бог — мой заступнік, Бог мой, Які любіць мяне.
|
Выбор перевода и языка
|