1. Песьня ўзыходжаньня. Спамяні, Госпадзе, Давіда, і ўсе ягоныя пакуты:
  2. як ён прысягаў Госпаду, даваў зарок Моцнаму Якава;
  3. «не ўвайду ў палатку дома майго, ня ўзыду на ложак мой;
  4. ня дам сну вачам маім і павекам маім дрымоты,
  5. пакуль не знайду месца Госпаду, жытлішча Моцнаму Якава».
  6. Вось, мы чулі пра яго ў Эфраце, знайшлі яго на палях Ярыма.
  7. Пойдзем да жытлішча Ягонага, паклонімся падножжу ног Ягоных.
  8. Стань, Госпадзе, на месца пакою Твайго, Ты і каўчэг магутнасьці Тваёй.
  9. Сьвятары Твае апранаюцца ў праўду, і сьвятыя Твае ўзрадуюцца.
  10. Дзеля Давіда, раба Твайго, не адвярні аблічча памазанца Твайго.
  11. Прысягаў Гасподзь Давіду ў ісьціне, і не зрачэцца яе; «ад плоду ўлоньня твайго пасаджу на троне тваім.
  12. Калі сыны твае будуць шанаваць запавет Мой і Мае сьведчаньні, якім Я іх навучу: дык і іхнія сыны вечна сядзецьмуць на троне тваім».
  13. Бо выбраў Гасподзь Сіён; пажадаў яго жытлом Сабе.
  14. «Гэта — спакой Мой навечна; тут пасялюся, бо Я пажадаў яго.
  15. Ежу ягоную дабраслаўляючы дабраслаўлю, убогіх ягоных накармлю хлебам;
  16. сьвятароў ягоных апрану ў выратаваньне, і сьвятыя ягоныя радасьцю ўзрадуюцца.
  17. Там згадую рог Давіду, пастаўлю сьветач памазанцу Майму.
  18. Ворагаў ягоных апрану ў сорам; а на ім будзе зьзяць вянок ягоны».

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/19/132/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.