Псалтыр, псальма 30
- Псальма Давідава пры абнаўленьні дома.
- Услаўлю Цябе, Госпадзе, што Ты падняў мяне і ня даў маім ворагам перамагчы мяне.
- Госпадзе Божа мой! я паклікаў Цябе, і Ты мяне вылечыў.
- Госпадзе! Ты вывеў зь пекла душу маю і ажывіў мяне, каб я ня сышоў у магілу.
- Сьпявайце Госпаду, сьвятыя Ягоныя, слаўце памяць сьвятыні Ягонай,
- бо на хвіліну гнеў Ягоны, на ўсё жыцьцё ўпадабаньне Ягонае: увечары пачынаецца плач, а на раніцу — радасьць.
- І я казаў у дабрадзействе маім: «не пахіснуся вавек».
- Па ўпадабаньні Тваім, Госпадзе,Ты ўмацаваў гару маю; але Ты схаваў аблічча Тваё, і я сумеўся:
- Тады Цябе, Госпадзе, я клікаў, і Госпада майго я маліў:
- «якая карысьць у крыві маёй, калі я сыду ў магілу? ці ж будзе тло маё Цябе славіць? ці будзе ўзьвяшчаць Тваю праўду?
- пачуй, Госпадзе, і памілуй мяне, Госпадзе! будзь мне памочнікам».
- І Ты скаргі мае абярнуў у радасьць, вярэту маю зьняў зь мяне і аперазаў мяне весялосьцю,
- хай славіць Цябе душа мая і хай не змаўкае. Госпадзе Божа мой! буду славіць Цябе вечна.
|
Выбор перевода и языка
|