1. У тыя дні Эзэкія сьмяротна захварэў. І прыйшоў да яго прарок Ісая, сын Амосаў, і сказаў яму: так кажа Гасподзь: зрабі запавет дому твайму, бо ты памрэш, не ачуняеш.
  2. Тады Эзэкія адвярнуўся тварам да сьцяны, і маліўся Госпаду, кажучы:
  3. «о, Госпадзе! успомні, што я хадзіў перад абліччам Тваім верна і з адданым Табе сэрцам і рабіў спадобнае ў вачах Тваіх». І заплакаў Эзэкія моцна.
  4. І было слова Гасподняе Ісаю, і сказана:
  5. ідзі і скажы Эзэкію: так кажа Гасподзь, Бог Давідаў, бацькі твайго: Я пачуў малітву тваю, угледзеў сьлёзы твае, і вось, Я дадаю да дзён тваіх пятнаццаць гадоў,
  6. і ад рукі цара Асірыйскага ўратую цябе і горад гэты, і абараню горад гэты.
  7. І вось табе азнака ад Госпада, што Гасподзь спраўдзіць слова, якое Ён сказаў.
  8. Вось, Я вярну назад на дзесяць прыступак сонечны цень, які прайшоў па прыступках Ахазавых. І вярнулася сонца на дзесяць прыступак па прыступках, па якіх яно сыходзіла.
  9. Малітва Эзэкіі, цара Юдэйскага, калі ён хворы быў і ачуняў ад хваробы:
  10. "я сказаў сам сабе: апалавіне дзён маіх я мушу ісьці ў браму апраметнай; я пазбаўлены рэшты гадоў маіх.
  11. Я казаў: ня ўбачу я Госпада, Госпада на зямлі жывых; не пабачу больш чалавека паміж жывымі ў сьвеце;
  12. жытло маё здымаецца зь месца і зносіцца ад мяне, як будан пастушыны; я павінен адкроіць, як ткач, жыцьцё маё: Ён адкроіць мяне ад асновы; дзень і ноч я чакаў, што Ты спашлеш мне скон.
  13. Да раніцы я чакаў; як леў, Ён крышыў косьці мае; дзень і ноч я чакаў, што Ты спашлеш мне скон.
  14. Як журавель, як ластаўка, падаваў я голас, сумаваў як голуб; паныла глядзелі вочы мае на неба: Госпадзе! цесна мне; уратуй мяне.
  15. Што скажу я? Ён сказаў мне, Ён і зрабіў. Ціха буду праводзіць усе гады жыцьця майго, памятаючы немарасьць душы маёй.
  16. Госпадзе! так жывуць, і ва ўсім гэтым — жыцьцё майго духу; Ты ацаліш мяне, падаруеш жыцьцё мне.
  17. Вось, на дабро мне была вялікая гарота, і Ты выбавіў душу маю ад рову пагібелі, і кінуў усе грахі мае за плечы Свае.
  18. Бо не апраметная Цябе славіць, ня смерць праслаўляе Цябе, ня прыхадні ў магілу спадзяюцца на ісьціну Тваю.
  19. Жывы, толькі жывы Цябе ўславіць, як сёньня я: бацька абвесьціць дзецям ісьціну Тваю.
  20. Гасподзь уратуе мяне; і мы ва ўсе дні жыцьця нашага з гукамі струнаў маіх сьпявацьмем песьні ў доме Гасподнім.
  21. І сказаў Ісая: няхай прынясуць скрылі смокваў і абкладуць імі нарыў; і ён ачуняе.
  22. А Эзэкія сказаў: якая азнака, што я буду хадзіць у дом Гасподні?

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/23/38/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.