1. Калі ўвесь народ перайшоў празь Ярдан, Гасподзь сказаў Ісусу:
  2. вазьмеце сабе з народу дванаццаць чалавек, па адным чалавеку з племя,
  3. і дайце ім загад і скажэце: вазьмеце сабе адсюль, зь сярэдзіны Ярдана, дзе стаялі ногі сьвятароў нерухома, дванаццаць камянёў, і перанясеце іх з сабою, і пакладзеце іх на начлезе, дзе начавацьмеце гэтай ночы.
  4. Ісус заклікаў дванаццаць чалавек, якіх назначыў з сыноў Ізраілевых, па адным чалавеку з племя,
  5. І сказаў ім Ісус: ідзеце перад каўчэгам Госпада Бога вашага ў сярэдзіну Ярдана і пакладзеце на плячо сваё кожны па адным камені, па ліку плямёнаў сыноў Ізраілевых,
  6. каб яны былі ў вас знакам; калі спытаюцца ў вас у будучым сыны вашыя і скажуць: «навошта ў вас гэтыя камяні?»
  7. вы скажаце ім: «у памяць таго, што вада Ярдана падзялілася перад каўчэгам запавета Госпада; калі ён пераходзіў празь Ярдан, тады вада Ярдана падзялілася»; такім чынам камяні гэтыя будуць сынам Ізраілевым помнікам навекі.
  8. І зрабілі сыны Ізраілевыя так, як загадаў Ісус: узялі дванаццаць камянёў зь Ярдана, як казаў Гасподзь Ісусу, па ліку плямёнаў сыноў Ізраілевых, і перанесьлі іх з сабою на начлег, і паклалі іх там.
  9. І дванаццаць камянёў паставіў Ісус сярод Ярдана на месцы, дзе стаялі ногі сьвятароў, якія несьлі каўчэг запавета. Ён там і да сёньня.
  10. Сьвятары, якія несьлі каўчэг запавета Гасподняга, стаялі сярод Ярдана, пакуль не закончана было ўсё, што Гасподзь загадаў народу — так, як наказваў Майсей Ісусу; а народ тым часам сьпешна пераходзіў.
  11. Калі ўвесь народ перайшоў, тады перайшоў і каўчэг запавета Гасподняга, і сьвятары перад народам;
  12. і сыны Рувіма і Гада і палавіна племя Манасіінага перайшлі ўзброеныя паперадзе сыноў Ізраілевых, як ім казаў Майсей.
  13. Каля сарака тысяч узброеных на бітву перайшло перад Госпадам на раўніны Ерыхонскія, каб біцца.
  14. У той дзень праславіў Гасподзь Ісуса на вачах ва ўсяго Ізраіля, і пачалі баяцца яго, як баяліся Майсея ва ўсе дні жыцьця ягонага.
  15. І сказаў Гасподзь Ісусу, кажучы:
  16. загадай сьвятарам, якія нясуць каўчэг сьведчаньня, выйсьці зь Ярдана.
  17. Ісус загадаў сьвятарам і сказаў: выйдзіце зь Ярдана.
  18. І калі сьвятары, якія несьлі каўчэг запавета Гасподняга, выйшлі зь Ярдана, дык, як толькі ступакі ног іхншіх крануліся сухога, вада Ярдана памкнулася па сваім месцы і пайшла, як учора і заўчора, паверх усіх берагоў сваіх,
  19. І выйшаў народ зь Ярдана на дзясятым дні першага месяца і атабарыўся ў Галгале, на ўсходнім баку Ерыхона.
  20. І дванаццаць камянёў, якія ўзялі яны зь Ярдана, Ісус паставіў у Галгале
  21. і сказаў сынам Ізраілевым: калі спытаюцца ў будучым сыны вашыя ў бацькоў сваіх: «што азначаюць гэтыя камяні?»,
  22. скажэце сынам вашым: «Ізраіль перайшоў празь Ярдан гэты па сухім»;
  23. бо Гасподзь Бог ваш высушыў воды Ярдана дзеля вас, пакуль вы не перайшлі яго, гэтак сама, як Гасподзь Бог ваш зрабіў з Чэрмным морам, якое высушыў перад вамі, пакуль мы не перайшлі яго,
  24. каб усе народы зямлі даведаліся, што рука Гасподняя моцная, і каб вы баяліся Госпада Бога вашага ва ўсе дні.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/06/04/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.