Другі закон, разьдзел 27
- І наказаў Майсей і старэйшыны сыноў Ізраілевых народу, кажучы: выконвайце ўсе запаведзі, якія наказваю вам сёньня.
- І калі пяройдзеце за Ярдан у зямлю, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе, тады пастаў сабе вялікія камяні і абмаж іх вапнаю;
- і напішы на камянях гэтых усе словы закона гэтага, калі пяройдзеш Ярдан, каб уступіць у зямлю, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе, у зямлю, дзе цячэ малако і мёд, як казаў табе Гасподзь, Бог бацькоў тваіх.
- Калі пяройдзеце Ярдан, пастаўце камяні тыя, як я загадваю вам сёньня, на гары Гевал і абмажце іх вапнаю;
- і зладзь там ахвярнік Госпаду, Богу твайму, ахвярнік з камянёў, не падымаючы на іх жалеза;
- з камянёў цэлых зладзь ахвярнік Госпада, Бога твайго, і ўчыняй на ім цэласпаленьні Госпаду, Богу твайму,
- і прынось ахвяры мірныя, і еж там, і радуйся прад Госпадам, Богам тваім;
- і напішы на камянях усе словы закона гэтага вельмі выразна.
- І сказаў Майсей і сьвятары лявіты ўсяму Ізраілю, кажучы: уважай і слухай, Ізраіле; у дзень гэты ты зрабіўся народам Госпада, Бога твайго;
- дык вось, слухайся голасу Госпада, Бога твайго, і выконвай запаведзі Ягоныя і пастановы Ягоныя, якія наказваю табе сёньня.
- І наказаў Майсей народу ў той дзень, кажучы:
- гэтыя павінны стаць на гары Гарызім, каб дабраслаўляць народ, калі пяройдзеце Ярдан: Сымон, Лявій, Юда, Ісахар, Язэп і Веньямін;
- а гэтыя павінны стаць на гары Гевал, каб праклінаць: Рувім, Гад, Асір, Завулон, Дан і Нэфталім.
- Лявіты абвесьцяць і скажуць усім Ізраільцянам гучным голасам:
- пракляты, хто зробіць разьбёнага альбо вылітага балвана, мярзоту прад Госпадам, твор рук мастака, і паставіць яго ў патайнай мясьціне! Увесь народ абвесьціць і скажа: амін.
- Пракляты той, хто ліхасловіць бацьку свайго і маці сваю! І ўвесь народ скажа: амін.
- Пракляты той, хто парушае мяжу блізкага свайго! І ўвесь народ скажа: амін.
- Пракляты, хто сьляпога зьбівае з дарогі! І ўвесь народ скажа: амін.
- Пракляты, хто крыва судзіць прыхадня, сірату і ўдаву! І ўвесь народ скажа: амін.
- Пракляты, хто ляжа з жонкаю бацькі свайго, бо ён адкрыў край вопраткі бацькі свайго! І ўвесь народ скажа: амін.
- Пракляты, хто ляжа зь якім-небудзь быдлам! І ўвесь народ скажа: амін.
- Пракляты, хто ляжа зь сястрою сваёю, з дачкою бацькі свайго, альбо з дачкою маці сваёй! І ўвесь народ скажа: амін.
- Пракляты, хто ляжа зь цешчаю сваёю! І ўвесь народ скажа: амін.
- Пракляты, хто таемна забівае блізкага свайго! І ўвесь народ скажа: амін.
- Пракляты, хто бярэ хабар, каб забіць душу і праліць кроў нявінную! І ўвесь народ скажа: амін.
- Пракляты, хто ня выконвае слоў закона гэтага і ня будзе рабіць паводле яго! І ўвесь народ скажа: амін.
|
Выбор перевода и языка
|