1. Калі ты прыйдзеш у зямлю, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў дзялянку, і авалодаеш ёю і аселішся на ёй,
  2. дык вазьмі пачаткі — сіх пладоў зямлі, якія ты атрымаеш ад зямлі тваёй, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе, і пакладзі ў кош, і йдзі на тое месца, якое Гасподзь, Бог твой, выбера, каб было там імя Ягонае:
  3. і прыйдзі да сьвятара, які будзе тымі днямі, і скажы яму; сёньня вызнаю прад Госпадам, Богам тваім, што я ўвайшоў у тую зямлю, даць якую нам Гасподзь запрысягнуўся бацькам нашым.
  4. Сьвятар возьме кош з рукі тваёй і паставіць яго перад ахвярнікам Госпада, Бога твайго.
  5. А ты адказвай і скажы прад Госпадам, Богам тваім: бацька мой быў вандроўны Арамэянін, і пайшоў у Егіпет і пасяліўся там зь нямногімі людзьмі, і павёўся там ад яго народ вялікі, моцны і шматлікі;
  6. але Егіпцяне блага абыходзіліся з намі і ўціскалі нас і накладвалі на нас цяжкую працу;
  7. і заенчылі мы да Госпада, Бога бацькоў нашых, і пачуў Гасподзь енк наш і ўбачыў гароту нашу, працу нашу і прыгнёт наш;
  8. і вывеў нас Гасподзь зь Егіпта рукою моцнаю і мышцаю ўзьнесенаю, вялікім жахам, азнакамі і цудамі,
  9. і прывёў нас на месца гэтае, і даў нам зямлю гэтую, зямлю, у якой цячэ малако і мёд;
  10. дык вось, я прынёс пачаткі ад пладоў зямлі, якую Ты, Госпадзе, даў мне. І пастаў гэта прад Госпадам, Богам тваім, і пакланіся прад Госпадам, Богам тваім,
  11. і радуйся за ўсе даброты, якія Гасподзь, Бог твой, даў табе і дому твайму, ты і лявіт і прыхадзень, які будзе ў цябе.
  12. Калі ты аддзеліш усе дзесяціны пладоў зямлі тваёй на трэці год, год дзесяцін, і аддасі лявіту, прыхадню, сіраце і ўдаве, каб яны елі ў селішчах тваіх і наядаліся,
  13. тады скажы прад Госпадам, Богам тваім: я ўзяў ад дома сьвятыню і аддаў яе лявіту, прыхадню, сіраце і ўдаве, паводле ўсіх загадаў Тваіх, якія Ты наказаў мне: я не пераступіў запаведзяў Тваіх і не забыў;
  14. я ня еў ад яе ў смутку маім, і не аддзяляў яе ў нячыстасьці і не даваў зь яе дзеля мёртвага; я слухаўся голасу Госпада, Бога майго, выконваў усё, што Ты наказаў мне;
  15. падзівіся са сьвятога селішча Твайго, зь нябёсаў, і дабраславі народ Твой, Ізраіле, і зямлю, якую Ты даў нам — так, як ты прысягаўся бацькам нашым даць зямлю, у якой цячэ малако і мёд.
  16. У дзень гэты Гасподзь, Бог твой, наказвае табе выконваць пастановы гэтыя і законы: трымайся іх і выконвай іх ад усяго сэрца твайго і ад усёй душы тваёй.
  17. Госпаду сказаў ты цяпер, што Ён будзе тваім Богам, і што ты будзеш хадзіць шляхамі Ягонымі і запаведзі Ягоныя і законы Ягоныя і слухацца голасу Ягонага;
  18. і Гасподзь абяцаў табе цяпер, што ты будзеш уласным Ягоным народам, як Ён казаў табе, калі ты будзеш захоўваць усе запаведзі Яго,
  19. і што Ён паставіць цябе вышэй за ўсе народы, якія Ён стварыў, у гонары, славе і велічнасьці, і што ты будзеш сьвятым народам у Госпада, Бога твайго, як Ён казаў.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/05/26/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.