Паводле Мацьвея, разьдзел 5
- Убачыўшы люд, Ён узышоў на гару; і калі сеў, прыступілі да Яго вучні Ягоныя.
- І, адкрыўшы вусны Свае, Ён вучыў іх, кажучы:
- Дабрашчасныя ўбогія духам, бо іх ёсьць Царства Нябеснае.
- Дабрашчасныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца.
- Дабрашчасныя лагодныя, бо яны ўспадкуюць зямлю.
- Дабрашчасныя тыя, хто жадае і прагне праўды, бо яны спатоляцца.
- Дабрашчасныя міласэрныя, бо яны памілаваны будуць.
- Дабрашчасныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
- Дабрашчасныя міратворцы, бо яны сынамі Божымі назавуцца.
- Дабрашчасныя гнаныя за праўду, бо іх ёсьць Царства Нябеснае.
- Дабрашчасныя вы, калі будуць вас ганьбіць і гнаць і ўсякім словам ліхім несправядліва зьневажаць за Мяне.
- Радуйцеся і весялецеся, бо ўзнагарода ваша вялікая на нябёсах: так гналі прарокаў, што былі перад вамі.
- Вы — соль зямлі. Калі ж соль страціць сілу, дык чым асоліш яе? Яна ўжо ні на што ня прыдатная, хіба што выкінуць яе прэч на патаптаньне людзям.
- Вы — сьвятло сьвету: ня можа схавацца горад, які стаіць на версе гары.
- І запаліўшы сьвечку, ня ставяць яе пад пасудзінаю, а на сьвечніку, і сьвеціць усім, хто ў доме.
- Так няхай сьвеціць сьвятло ваша перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і ўслаўлялі Айца вашага, Які ёсьць у нябёсах.
- Ня думайце, што Я прыйшоў парушыць закон, альбо прарокаў: не парушыць прыйшоў Я, а зьдзейсьніць.
- Бо праўду кажу вам: пакуль ня мінецца неба і зямля, ані ёта адна, ані рыска адзіная ня мінецца з закона, пакуль ня збудзецца ўсё.
- Дык вось, хто парушыць адну з запаведзяў гэтых найменшых і навучыць гэтак людзей, той найменшым назавецца ў Царстве Нябесным; а хто выканае і навучыць, той вялікім назавецца ў Царстве Нябесным.
- Бо, кажу вам, калі праведнасьць ваша не пераважыць праведнасьці кніжнікаў і фарысэяў, дык ня ўвойдзеце вы ў Царства Нябеснае.
- Вы чулі, што сказана продкам: «не забівай; а хто заб'е, падпадае суду».
- А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго марна, падпадае суду; хто ж бо скажа брату свайму «пусты чалавек», падпадае сынедрыёну; а хто скажа «неразумны», падпадае геене вогненнай.
- Дык вось, калі ты прынясеш дар твой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мбе нешта супроць цябе,
- пакінь там дар твой перад ахвярнікам, і ідзі сьпярша памірыся з братам тваім, і тады прыйдзі і прынясі дар твой.
- Мірыся з праціўнікам тваім хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе зь ім, каб не аддаў цябе праціўнік судзьдзі, а судзьдзя не аддаў цябе слузе, і ня ўкінуў цябе ў цямніцу;
- праўду кажу табе: ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга кадранта.
- Вы чулі, што сказана продкам: «Ня чыні пералюбу».
- А Я вам кажу, што кожны, хто глядзіць на жанчыну з пажадаю, ужо ўчыніў пералюб зь ёю ў сэрцы сваім.
- Калі ж правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з чэлесаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геену.
- І калі правая твая рука спакушае цябе, адатні яе і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з чэлесаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геену.
- Сказана таксама, што, калі хто разьвядзецца з жонкаю сваёю, няхай дасьць ёй разводны ліст.
- А Я вам кажу: кожны, хто разводзіцца з жонкаю сваёю, акрамя як з прычыны распусты, той даводзіць яе да пералюбу; і хто ажэніцца з разьведзенай, той чыніць пералюб.
- Зноў жа чулі вы, што сказана продкам: «Не давай ілжывай прысягі, а выконвай прад Госпадам прысягі твае».
- А Я вам кажу: не прысягай зусім: ні небам, бо яно — Трон Божы;
- ні зямлёю, бо яна падножжа нагам Ягоным; ні Ерусалімам, бо ён горад Вялікага Цара;
- ні галавою тваёю не прысягай, бо ня можаш ніводнай валасінкі зрабіць белаю альбо чорнаю.
- А хай будзе слова ваша: «так — так», «не — не»; а што звыш гэтага, тое ад ліхога.
- Вы чулі, што сказана: «Вока за вока, і зуб за зуб».
- А Я кажу вам не працівіцца злому. Калі хто цябе ўдарыць па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую;
- і калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і вопратку;
- і калі хто цябе змусіць ісьці зь ім адно попрышча, ідзі зь ім два.
- Таму, хто просіць у цябе, дай і ад таго, хто хоча пазычыць у цябе, не адварочвайся.
- Вы чулі, што сказана: «Любі блізкага твайго і ненавідзь ворага твайго».
- А Я кажу вам: любеце ворагаў вашых, дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, рабеце дабро ненавісьнікам вашым і малецеся за крыўдзіцеляў вашых і за ганіцеляў вашых;
- каб сталіся вы сынамі Айца вашага, Які ёсьць у нябёсах; бо Ён загадвае сонцу Свайму ўзыходзіць над ліхімі і добрымі і пасылае дождж на праведных і няправедных.
- Бо, калі вы будзеце любіць тых, што любяць вас, якая вам узнагарода? Ці ж ня тое самае робяць і мытнікі?
- І калі вы вітаеце братоў вашых толькі, што асаблівага робіце? Ці ж ня гэтак тое самае робяць і язычнікі?
- Дык вось, будзьце дасканалыя, як дасканалы Айцец ваш Нябесны.
|
Выбор перевода и языка
|