1. Дасьледуйце сябе ўважліва, дасьледуйце люд неакілзаны,
  2. пакуль ня прыйшло вызначэньне — дзень праляціць, як мякіна — пакуль ня прыйшоў на вас палымяны гнеў Гасподні, пакуль не настаў вам дзень лютасьці Гасподняй.
  3. Знайдзеце Госпада, усе пакорліўцы зямлі, выканаўцы законаў Яго; знайдзеце праўду, знайдзеце пакорлівую мудрасьць; можа стацца, вы схаваецеся ў дзень гневу Гасподняга.
  4. Бо Газа будзе пакінутая і Аскалон апусьцее, Азот будзе выгнаны сярод дня і Экрон выкараніцца.
  5. Гора жыхарам прыморскай краіны, народу Крыцкаму! Слова Гасподняе — на вас, Хананэі, зямля Філістымская! Я зьнішчу цябе, і ня будзе ў цябе жыхароў,
  6. і будзе прыморская краіна пастушынай аўчарняй і кашарай пад быдла.
  7. І дастанецца гэты край рэшце дому Юдавага, і будуць пасьвіць там, і ў дамах Аскалона будуць вечарам адпачываць, бо Гасподзь Бог іх наведае і верне палон іхні.
  8. Чуў Я паганьбеньне Маава і лаянку сыноў Амонавых, як яны зьдзекаваліся з Майго народу і велічаліся на межах ягоных.
  9. Таму, жыву Я! кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: Мааў будзе, як Садома, і сыны Амона будуць, як Гамора, здабыткам крапівы, салянаю калдобінаю, пусткаю навекі; рэшта народу Майго возьме іх здабычаю, і ацалелыя зь людзей Маіх атрымаюць іх у спадчыну.
  10. Гэта ім — за пыху іхнюю, за тое, што яны зьдзекаваліся і велічаліся над народам Госпада Саваофа.
  11. Страшны будзе для іх Гасподзь; бо вынішчыць усіх багоў зямлі, і Яму будуць пакланяцца — кожны месца зь месца свайго — усе выспы народаў.
  12. І вы, Эфіопы, пабітыя будзеце мечам Маім.
  13. І працягне Ён руку Сваю на поўнач — і зьнішчыць Асура і ператворыць Нінэвію ў руіны, у месца сухое, як пустыня,
  14. і пакоіцца будуць сярод яе статкі і ўсякага роду жывёлы; пелікан і вожык будуць начаваць — у розных аздобах яе; голас іхні будзе гучаць у вокнах, разбурэньне выявіцца на касяках дзьвярэй, бо не застанецца на іх кедровай шалёўкі.
  15. Вось чым будзе горад пераможна-радасны, які жыве бесклапотна, які кажа ў сэрцы сваім: «я — і няма іншага апроч мяне». Як ён зрабіўся руінаю, логвішчам для зьвяроў! Кожны, праходзячы міма яго, пасьвішча й рукою махне.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/36/02/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.