1. Малітва Давідава. Пачуй, Госпадзе, праўду маю, уважы скарзе маёй, прымі мальбу з вуснаў неманлівых!
  2. Ад аблічча Твайго хай будзе мне суд; хай паглядзяць вочы Твае на справядлівасьць.
  3. Ты праверыў сэрца маё, ноччу мяне наведаў, выпрабаваў мяне, і не знайшоў анічога; ад думак маіх не адступаюцца вусны мае.
  4. У дзеях людзскіх, па слове вуснаў Тваіх, я ахоўваў сябе ад шляхоў прыгнятальніка.
  5. Умацуй мае крокі на дарогах Сваіх, хай ногі мае не пахіснуцца.
  6. Да Цябе заклікаю, бо Ты пачуеш мяне, Божа; прыхілі Тваё вуха да мяне, пачуй словы мае.
  7. Пакажы Тваю літасьць дзівосную; Ратаўнік тых, што на Цябе спадзяюцца, ад тых, што супрацівяцца правіцы Тваёй;
  8. ахавай мяне, як вока; у цяні Тваіх крылаў аслані мяне
  9. ад бязбожных, што на мяне нападаюць, — ад ворагаў душы маёй, што абступілі мяне:
  10. яны замкнуліся ў тлушчы сваім, пагардліва гавораць вуснамі сваімі.
  11. На кожным кроку нашым цяпер абступаюць нас; напружылі вочы свае, каб скінуць мяне на зямлю;
  12. яны падобныя на ільва, што прагне здабычы, падобныя на ільвяня, што сядзіць у схованцы.
  13. Паўстань, Госпадзе, папярэдзь іх, скінь іх. Выбаві душу маю ад бязбожнага мечам Тваім,
  14. ад людзей — рукою Тваёю, Госпадзе, ад людзей сьвету, чыя доля, у гэтым жыцьці, чыё чэрава Ты напаўняеш са скарбонак Тваіх; сыны іхнія сытыя, і рэшту пакінуць дзецям сваім.
  15. А я ў праўдзе буду глядзець на аблічча Тваё; прачнуўшыся, буду насычацца вобразам Тваім.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/19/17/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.