1. Псальма Асафава. Які добры Бог да Ізраіля, да чыстых сэрцам!
  2. А я — ледзь ногі мае не пахіснуліся, ледзь падэшвы мае не пакаўзнуліся, —
  3. я быў ліхім пазайздросьціў, як пабачыў дабрадзенства бязбожных,
  4. бо няма ім цярпеньняў да самае сьмерці, і сіла моцная ў іх;
  5. на працы людзкой іх няма, і разам зь людзьмі яны ўціску ня знаюць.
  6. Вось таму іхняя пыха, як нашыйнік, абклала іх, і дзёрзкасьць, як убор, аблягае іх;
  7. вылазяць ім вочы ад тлушчу, жаданьні ў сэрцы іхнім варушацца,
  8. сьмяюцца яны з усяго; зласьліва паклёпы наводзяць; ганарыста гавораць;
  9. вусны свае ўзносяць да неба, — а іхні язык па зямлі валачэцца.
  10. Таму туды ж зьвяртаецца народ ягоны, і п'юць ваду поўнаю чараю
  11. і кажуць: «як уведае Бог? і ці мае Ўсявышні веданьне?»
  12. І вось гэтыя грэшнікі песьцяцца на гэтым сьвеце і памнажаюць багацьце.
  13. І сказаў я: ці ж не дарма ачышчаў я сэрца маё і ў нянавісьці абмываў мае рукі,
  14. і ўвесь дзень я цярплю ўдары, і кожнае раніцы кару прымаю?
  15. Калі б я сказаў: буду так разважаць, як яны, — дык здрадзіў бы роду сыноў Тваіх.
  16. І задумаўся я, як зразумець гэта; але цяжка яно ў вачах маіх,
  17. пакуль не ўвайшоў я ў сьвятыню Божую, і не зразумеў іхняга канца.
  18. Так! на коўзкіх шляхах паставіў Ты іх, і скідаеш іх у прорвішчы.
  19. Як зьнянацку яны ўвайшлі ў спусташэньне, згінулі, зьніклі ад жахаў!
  20. Як сном пасьля абуджэньня, так Ты, Госпадзе, іх разбудзіўшы, зьнішчыш іхнія мроі.
  21. Калі кіпела сэрца маё і трымцела нутрына мая,
  22. быў я тады неразумны, нічога ня цяміў; як быдла быў я прад Табою.
  23. Але заўжды я з Табою; Ты трымаеш мяне за правую руку:
  24. Ты вядзеш мяне паводле радаў Тваіх, і потым у славу прымаеш мяне.
  25. Хто мне на небе? і з Табою нічога не хачу на зямлі.
  26. Зьнемагае цела маё і сэрца маё; Бог — цьвярдыня сэрца майго і частка мая навечна,
  27. бо вось гінуць усе, хто збочвае ад Цябе; Ты нішчыш кожнага, хто ад Цябе адступаецца.
  28. А мне добра набліжацца да Бога! На Госпада Бога паклаў я надзею маю, каб абвяшчаць усе дзеі Твае!

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/19/73/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.