Адкрыцьцё, разьдзел 13
- І стаў я на пяску марскім і ўбачыў зьвера, які выходзіў з мора, зь сямю галовамі і дзесяцьцю рагамі: на рагах у яго было дзесяць дыядэмаў, а на галовах ягоных назовы богазьняважлівыя.
- Зьвер, якога я бачыў, быў падобны да барса; ногі ў яго — як у мядзьведзя, а пашча ў яго — як пашча ў ільва; і даў яму цмок сілу сваю і трон свой і вялікую ўладу.
- І бачыў я, што адна галава ў яго як бы сьмяротна была параненая, але гэтая сьмяротная рана загоілася. І дзівавала ўся зямля, сочачы за зьверам; і пакланіліся цмоку, які даў зьверу ўладу,
- і пакланіліся зьверу, кажучы: хто падобны да зьвера гэтага і хто можа зваяваць яго?
- І дадзены былі яму вусны, якія маўлялі ганарыста і богазьняважліва і дадзена яму ўлада дзейнічаць сорак два месяцы.
- І разьзявіў ён вусны свае для кляцьбы на Бога, каб клясьці імя Ягонае і жытлішча Ягонае і небажыхароў.
- І дадзена яму было весьці вайну са сьвятымі і перамагчы іх; і дадзена яму была ўлада над усякім каленам і народам, і родам і племенем.
- І паклоняцца яму ўсе, хто жыве на зямлі, чые імёны не напісаны ў кнізе жыцьця ў Ягняці, заколатага ад стварэньня сьвету.
- Хто мае вуха, хай чуе:
- хто вядзе ў палон, той сам пойдзе ў палон; хто мечам забівае, той сам будзе забіты мечам. Тут цярплівасьць і вера сьвятых.
- І ўбачыў я другога зьвера, які выходзіў зь зямлі: ён меў два рагі, падобныя да Ягнячых, і гаварыў, як цмок.
- Ён дзейнічае перад ім з усёй уладай першага зьвера і прымушае ўсю зямлю і насельнікаў яе пакланяцца першаму зьверу, у якога сьмяротная рана загоілася;
- і творыць вялікія азнакі, так што і вагонь зводзіць зь неба на зямлю перад людзьмі.
- І дзівосамі, якія дадзена было яму тварыць перад зьверам, ён наводзіць змусту на насельнікаў зямлі, кажучы насельнікам зямлі, каб яны зрабілі вобраз зьвера, які мае рану ад меча і жывы.
- І дадзена было яму ўкласьці дух у вобраз зьвера, каб вобраз зьвера і гаварыў і рабіў так, каб забіты быў кожны, хто ня будзе кланяцца вобразу зьвера.
- І ён зробіць тое, што ўсім — малым і вялікім, багатым і ўбогім, вольнікам і рабам — пакладзена будзе кляймо на правую руку іхнюю альбо на лоб іхні,
- і што нікому нельга будзе ні купляць, ні прадаваць, акрамя таго, хто мае гэтае кляймо, альбо імя зьвера, альбо лічбу імя ягонага.
- Тут мудрасьць. Хто мае розум, той хай палічыць лічбу зьвера, бо гэтая лічба чалавечая; лічба ягоная шасьцьсот шасьцьдзясят шэсьць.
|
Выбор перевода и языка
|