1. Тады Пілат узяў Ісуса і загадаў біць Яго.
  2. І воіны, сплёўшы вянок цярновы, усклалі Яму на галаву, і апранулі Яго ў пурпуру,
  3. і казалі: радуйся, Цару Юдэйскі! І білі яго па шчоках.
  4. Пілат зноў выйшаў і сказаў ім: вось я выводжу Яго да вас, каб вы ведалі, што я не знаходжу ў Ім ніякае віны.
  5. Тады выйшаў Ісус у цярновым вянку і ў пурпуры. І сказаў ім Пілат: вось, Чалавек!
  6. Калі ж убачылі Яго першасьвятары і служкі, дык закрычалі: укрыжуй, укрыжуй Яго! Пілат кажа ім: вазьмеце Яго вы і ўкрыжуйце, бо я не знаходжу ў Ім віны.
  7. Юдэі адказвалі яму: мы маем закон, і паводле закона нашага Ён павінен памерці, бо зрабіў Сябе Сынам Божым.
  8. Пілат, пачуўшы гэтае слова, яшчэ больш напалохаўся,
  9. і зноў увайшоў у прэторыю, і сказаў Ісусу: адкуль Ты? Але Ісус ня даў яму адказу.
  10. Пілат кажа Яму: мне не адказваеш? ці ня ведаеш, што я маю ўладу Цябе крыжаваць і ўладу маю Цябе адпусьціць?
  11. Ісус адказваў: ты ня меў бы над Мною ніякае ўлады, калі б ня было дадзена табе зьверху; таму большы грэх на тым, хто перадаў Мяне табе.
  12. З гэтага часу Пілат намагаўся адпусьціць Яго. А Юдэі крычалі: калі адпусьціш Яго, ты ня прыяцель кесару; кожны, хто робіць сябе царом, супрацівіцца кесару.
  13. Пілат, пачуўшы гэтае слова, вывеў Ісуса і сеў на судзілішчы, на месцы, якое называецца Ліфастратон, а па-Габрэйску Гаввафа.
  14. Тады была пятніца перад Пасхаю, і гадзіна шостая. І сказаў Пілат Юдэям: вось, Цар ваш!
  15. Але яны закрычалі: вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго! Пілат кажа ім: каб Цара вашага крыжаваць? Першасьвятары адказвалі: няма ў нас цара апроч кесара.
  16. Тады нарэшце ён аддаў Яго ім на крыжаваньне. І ўзялі Ісуса і павялі.
  17. І, нясучы крыж Свой, Ён выйшаў на месца, называнае Лобным, па-Габрэйску Галгофа;
  18. там укрыжавалі Яго і зь Ім двух іншых, па адзін і па другі бок, а пасярэдзіне Ісуса.
  19. А Пілат напісаў і надпіс паставіў на крыжы. Напісана было: Ісус Назарэй, Цар Юдэйскі.
  20. Гэты надпіс чыталі многія Юдэі, бо месца, дзе быў укрыжаваны Ісус, было недалёка ад горада, і напісана было па-Габрэйску, па-Грэцку, па-Рымску.
  21. А першасьвятары Юдэйскія сказалі Пілату: ня пішы: Цар Юдэйскі, а што Ён казаў: Я Цар Юдэйскі.
  22. Пілат адказваў: што я напісаў, тое напісаў.
  23. А воіны, калі ўкрыжавалі Ісуса, пабралі адзежу Ягоную і падзялілі на чатыры долі, кожнаму воіну доля, і хітон; а хітон быў не пашыты, а ўвесь тканы зьверху.
  24. І вось сказалі адзін аднаму: ня будзем разьдзіраць яго, а кінем на яго жэрабя, чый будзе; — хай збудзецца сказанае ў Пісаньні: «падзялілі рызы Мае між сабою і за адзежу Маю кідалі жэрабя». Так учынілі воіны.
  25. Каля крыжа Ісуса стаялі Маці Ягоная, і сястра Маці Ягонай Марыя Клеопава, і Марыя Магдаліна.
  26. Ісус, убачыўшы Маці і вучня, які тут стаяў, якога любіў, кажа Маці Сваёй: Жанчына! вось, сын Твой.
  27. Потым кажа вучню: вось, Маці твая! І з гэтага часу вучань гэты ўзяў Яе да сябе.
  28. Пасьля таго Ісус, ведаючы, што ўжо ўсё сталася, каб збылося Пісаньне, кажа: піць.
  29. Тут стаяў посуд, поўны воцату. Воіны, намачыўшы воцатам губку і накалоўшы на ісоп, паднесьлі да вуснаў Ягоных.
  30. І калі Ісус скаштаваў воцату, сказаў: збылося! І нахіліўшы галаву, аддаў дух.
  31. Але як што тады была пятніца, дык Юдэі, каб не пакінуць целаў на крыжы ў суботу, бо тая субота была дзень вялікі, прасілі Пілата, каб перабіць у іх галені і зьняць іх.
  32. І вось, прыйшлі воіны, і ў першага перабілі галені, і ў другога, укрыжаванага зь Ім;
  33. а, падышоўшы да Ісуса, як убачылі Яго ўжо мёртвага, не перабілі ў яго галені,
  34. а адзін воін кап'ём працяў Яму рэбры, і адразу выцекла кроў і вада.
  35. І хто бачыў, засьведчыў, і праўдзівае сьведчаньне ягонае; ён ведае, што кажа ў ісьціне, каб вы паверылі;
  36. бо гэта сталася, хай збудзецца Пісаньне: «косьць Ягоная хай ня будзе зламана».
  37. Гэтак сама і ў іншым месцы Пісаньне кажа: «паглядзяць на Таго, Каго працялі».
  38. Пасьля гэтага Язэп з Арыматэі, вучань Ісуса, але тайны — ад страху перад Юдэямі, прасіў у Пілата, каб зьняць Цела Ісусава; і Пілат дазволіў. Той пайшоў і зьняў Цела Ісусава.
  39. Прыйшоў таксама і Мікадым, які прыходзіў раней да Ісуса ўначы, і прынёс сумесь з альясу і сьмірны, літраў каля ста.
  40. І вось, узялі яны Цела Ісусавае і ўгарнулі яго ў палатно з пахошчамі, як звычайна хаваюць Юдэі.
  41. На тым месцы, дзе Ён быў укрыжаваны, быў сад, і ў садзе была магіла новая, у якую яшчэ ніхто ня быў пакладзены:
  42. там паклалі Ісуса дзеля пятніцы Юдэйскай, бо магіла была блізка.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/43/19/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.