Выслоўі, разьдзел 29
- Чалавек, які насуперак засьцярогам робіцца ўпарты, будзе раптам зламаны, і ня будзе яму дапамогі.
- Калі множацца праведнікі, весяліцца народ; а калі пануе бязбожнік, стогне народ.
- Чалавек, які любіць мудрасьць, радуе бацьку свайго; а які знаецца з распусьніцамі, той траціць маёмасьць.
- Цар правасудзьдзем мацуе зямлю, а аматар хабару руйнуе яе.
- Чалавек, які лісьлівіць сябру свайму, сьцеле сетку пад ногі яму.
- У грэху ліхога чалавека — сетка яму, а праведнік весяліцца і радуецца.
- Праведнік старанна дасьледуе цяжбіну бедных, а бязбожнік не разьбірае справы.
- Людзі разбэшчаныя бунтуюць горад, а мудрыя суцішаюць мяцеж.
- Разумны чалавек, калі судзіцца з чалавекам неразумным, ці злуецца, ці сьмяецца — ня мае спакою.
- Крыважэрныя людзі ненавідзяць бязбожнага, а праведныя клапоцяцца за яго жыцьцё.
- Неразумны ўвесь гнеў свой вылівае, а мудры стрымлівае яго.
- Калі ўладар слухае ілжывыя прамовы, дык і ўсе служкі ў яго бязбожныя.
- Бедны і ліхвяр сустракаюцца адзін з адным; але сьвятло вачам таго і другога дае Гасподзь.
- Калі цар судзіць бедных па праўдзе, дык трон ягоны назаўсёды ўцьвердзіцца.
- Дубец і засьцярога даюць мудрасьць; а занядбаны хлопчык робіць сорам сваёй маці.
- Пры памнажэньні бязбожных множыцца беззаконьне; а праведнікі ўбачаць падзеньне іхняе.
- Карай сына твайго, і ён дасьць табе спакой, і прынясе радасьць душы тваёй.
- Няма адкрыцьця згары чалавеку разбэшчанаму, а хто жыве паводле закону — той шчасны.
- Словамі не навучыш раба; бо, хоць ён і разумее іх, але ня слухаецца.
- Ці бачыў ты чалавека неабачлівага ў словах сваіх? на неразумнага болей надзеі, чым на яго.
- Калі змалку выхоўваць раба ў дастатку, дык і пазьней ён захоча быць сынам.
- Чалавек гнеўлівы заводзіць свару, а запальчывы шмат грэшыць.
- Ганарыстасьць чалавека прыніжае яго, а сьціплы духам здабывае гонар.
- Хто дзеліцца са злодзеем, той ненавідзіць душу сваю; ён чуе праклён, але не абвяшчае пра тое.
- Боязь перад людзьмі ставіць сетку; а хто спадзяецца на Госпада, будзе ў бясьпецы.
- Многія шукаюць прыхільнага.
- Мярзота праведнікам — чалавек няправедны, і мярзота бязбожнаму — той, хто ідзе простай дарогай.
|
Выбор перевода и языка
|