1. Слова Агура, сына Якеевага. Натхнёныя выслоўі, якія сказаў гэты чалавек Іфіілу, Іфіілу і Укалу:
  2. сапраўды, я большы невук, чым хто-небудзь зь людзей, і розуму чалавечага няма ў мяне,
  3. і не навучыўся я мудрасьці, і пазнаньня сьвятых ня маю.
  4. Хто ўзыходзіў на неба і сыходзіў? хто сабраў вецер у прыгаршчы свае? хто завязаў ваду ў вопратку? хто вызначыў усе межы зямлі? якое імя ў яго? і якое імя ў сына яго? ці ведаеш?
  5. Кожнае слова ў Бога чыстае; Ён — шчыт тым, хто на яго спадзяецца.
  6. Не дадавай да словаў Ягоных, каб Ён ня выкрыў цябе як ашуканца.
  7. Дзьве рэчы я прашу ў Цябе, не адмові мне, перш чым я памру:
  8. марнасьць і лжу адвядзі ад мяне, галечы і багацьця не давай мне, кармі мяне хлебам надзённым,
  9. каб, аб'еўшыся, я ня зрокся Цябе і не сказаў: «хто Гасподзь?» і каб, згалеўшы, не пачаў красьці і зьневажаць імя Бога майго.
  10. Не кляні раба перад гаспадаром ягоным, каб ён не пракляў цябе і ты не застаўся вінаваты.
  11. Ёсьць род, які праклінае бацьку свайго і не дабраслаўляе маці сваёй.
  12. Ёсьць род, які чысты ў вачах сваіх, тым часам як не адмыты ад бруду свайго.
  13. Ёсьць род — о, якія пыхлівыя вочы ў яго, і як паднятыя вейкі ў яго!
  14. Ёсьць род, у якога зубы — мячы, і сківіцы — нажы, каб пажыраць бедных на зямлі і ўбогіх сярод людзей.
  15. У ненаеднасьці дзьве дачкі: «давай, давай»! Вось тры ненаяды, і чатыры, якія ня скажуць: «даволі!»
  16. Апраметная і нутроба бясплодная, зямля, якая не насычаецца вадою, і агонь, які ня кажа: «даволі!».
  17. Вока, якое насьміхаецца з бацькі і пагарджае пакораю маці, выдзяўбуць крумкачы над ракою, і зжаруць птушаняты арліныя!
  18. Тры рэчы неспасьцігальныя мне, і чатырох я не разумею:
  19. шляхі арла на небе, шляхі зьмяі на скале, шляхі карабля сярод мора, і шляхі мужчыны да дзяўчыны.
  20. Такі шлях і ў жонкі-пералюбніцы; паела і выцерла рот свой, і кажа: «я нічога благога не зрабіла».
  21. Ад трох трасецца зямля, чатырох яна ня выносіць:
  22. раба, калі ён робіцца царом; неразумнага, калі ён удосыць есьць хлеб;
  23. ганебную жанчыну, калі яна выходзіць замуж, і служанку, калі зойме месца гаспадыні сваёй.
  24. Вось чатыры малыя на зямлі; але яны мудрэйшыя за мудрых:
  25. мурашкі — народ нядужы, але летам назапашваюць ежу сваю:
  26. горныя мышы — народ слабы, але ставяць дамы свае на скале;
  27. у саранчы няма цара, але выступае яна згуртавана;
  28. павук лапамі чапляецца, але бывае ў царскіх харомах.
  29. Вось трое маюць статную хаду, і чацьвёра статна выступаюць:
  30. леў, асілак сярод зьвяроў, не саступіць ні перад кім;
  31. конь, і казёл, і цар народу свайго.
  32. Калі ты ў задавацтве тваім зрабіў глупства і падумаў ліхое, дык пакладзі руку на вусны;
  33. бо, як ад зьбіваньня малака робіцца масла, ад ўдару ў нос цячэ кроў, так і ад абуджэньня гневу ўзьнікае свара.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/20/30/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.