1. Слова Эклезіяста, сына Давідавага, цара ў Ерусаліме.
  2. Пустая марнасьць сказаў Эклезіяст, пустая марнасьць, — усё марнасьць!
  3. Якая карысьць чалавеку ад усёй працы ягонай, якую ён робіць пад сонцам?
  4. Пакаленьне прыходзіць, і пакаленьне праходзіць, а зямля векавечна стаіць.
  5. Сонца ўзыходзіць, і сонца заходзіць і сьпяшаецца ў месца сваё, дзе ўстае.
  6. Вее вецер на поўдзень і на поўнач вяртаецца, віруе, віхурыцца веючы, і на шлях віраваньня вяртаецца вецер.
  7. Рэкі ўсе ў мора плывуць, а мора не перапаўняецца; да месца таго, адкуль рэкі плывуць, вяртаюцца зноў, каб далей пацячы.
  8. Усё існае — поўніцца працай; ня можа ўсяго чалавек пакласьці на словы: не насыціцца бачаньнем вока; не напоўніцца слуханьнем вуха.
  9. Што было, тое і будзе; што рабілася, тое й рабіцьмецца, і нічога новага пад сонцам няма.
  10. Бывае такое, пра што людзі кажуць: «Дзівіся, вось гэта новае»; але яно ўжо было спрадвеку, да нас.
  11. Няма памяці пра былое; ды і пра тое, што будзе, не застанецца згадкі між тымі, што прыйдуць пасьля.
  12. Я, Эклезіяст, быў царом над Ізраілем у Ерусаліме.
  13. І паклаў я на сэрца помысел мой, каб шукаць і дасьледаваць мудрасьцю ўсё, што пад небам робіцца: гэты прыкры занятак даў Бог сынам чалавечым, каб кіраваліся ім.
  14. Я ўсе дзеі пабачыў, якія пад сонцам чыняцца, і вось, усё — марнасьць і пагоня за ветрам!
  15. Крывое ня выпрастаецца, і чаго няма, таго нельга зьлічыць.
  16. Гаварыў я з сэрцам маім і сказаў: вось, узьвялічыўся я і здабыў мудрасьці болей за ўсіх, што былі да мяне над Ерусалімам, і сэрца маё шмат нагледзела мудрасьці ўсякай і ведаў.
  17. І паклаў я на сэрца помысел мой, каб мудрасьць уведаць, спасьцігнуць шаленства і неразумнасьць; спазнаў, што і гэта — пагоня за ветрам.
  18. Бо пры многасьці мудрасьці множыцца й скруха; і хто памнажае спазнаньне, той памнажае і боль.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/21/01/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.