1. На ўсёй зямлі была адна мова і адна гаворка.
  2. Рушыўшы з усходу, яны знайшлі ў зямлі Сэнаар раўніну і пасяліліся там.
  3. І сказалі адно аднаму: наробім цэглы і абпалім агнём. І стала ў іх цэгла замест камянёў, а земляная смала замест вапны.
  4. І сказалі яны: збудуем сабе горад і вежу, вышынёю да нябёсаў, і зробім сабе імя, перш чым расьсеемся па ўлоньні ўсёй зямлі.
  5. І сышоў Гасподзь паглядзець горад і вежу, што будавалі сыны людзкія.
  6. І сказаў Гасподзь: вось, адзін народ, і адна ў іх мова; і вось, што пачалі яны рабіць, і не адстануць ад таго, што задумалі рабіць;
  7. сыдзем жа і зьмяшаем там мову іхнюю, так каб адзін не разумеў гаворкі другога.
  8. І расьсеяў іх Гасподзь адтуль па паверхні ўсёй зямлі; і яны перасталі будаваць горад.
  9. Таму дадзена яму імя: Вавілон, бо так зьмяшаў Гасподзь мову ўсёй зямлі, і адтуль расьсеяў іх Гасподзь па ўсёй зямлі.
  10. Вось радавод Сіма: Сіму было сто гадоў і спарадзіў Арфаксада, праз два гады пасьля патопу;
  11. пасьля нараджэньня Арфаксада Сім жыў пяцьсот гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.
  12. Арфаксад жыў трыццаць пяць гадоў і спарадзіў Салу.
  13. Пасьля нараджэньня Салы Арфаксад жыў чатырыста тры гады і спарадзіў сыноў і дачок.
  14. Сала жыў трыццаць гадоў і спарадзіў Эвэра.
  15. Пасьля нараджэньня Эвэра Сала жыў чатырыста тры гады і спарадзіў сыноў і дачок.
  16. Эвэр жыў трыццаць чатыры гады і спарадзіў Фалека.
  17. Пасьля нараджэньня Фалека Эвэр жыў чатырыста трыццаць гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.
  18. Фалек жыў трыццаць гадоў і спарадзіў Рагава.
  19. Пасьля нараджэньня Рагава Фалек жыў дзьвесьце дзевяць гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.
  20. Рагаў жыў трыццаць два гады і спарадзіў Саруха.
  21. Пасьля нараджэньня Саруха Рагаў жыў дзьвесьце сем гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.
  22. Сарух жыў трыццаць гадоў і спарадзіў Нахора.
  23. Пасьля нараджэньня Нахора Сарух жыў дзьвесьце гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.
  24. Нахор жыў дваццаць дзевяць гадоў і спарадзіў Тару.
  25. Пасьля нараджэньня Тары Нахор жыў сто дзевятнаццаць гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.
  26. Тара жыў семдзесят гадоў і спарадзіў Абрама; Нахора і Арана.
  27. Вось радавод Тары: Тара спарадзіў Абрама, Нахора і Арана. Аран спарадзіў Лота.
  28. І памёр Аран пры Тары, бацьку сваім, у зямлі нараджэньня свайго, у Уры Халдэйскім.
  29. Абрам і Нахор узялі сабе жонак; імя жонкі Абрамавай: Сара; імя жонкі Нахоравай: Мілка, дачка Арана, бацькі Мілкі і бацькі Іскі.
  30. І Сара была няплодная і бязьдзетная.
  31. І ўзяў Тара Абрама, сына свайго, і Лота, сына Аранавага, унука свайго, і Сару, нявестку сваю, жонку Абрама, сына свайго, і выйшаў зь імі з Ура Халдэйскага, каб ісьці ў зямлю Ханаанскую; але дайшоўшы да Харана, яны спыніліся там.
  32. І было дзён жыцьця Тары дзьвесьце пяць гадоў, і памёр Тара ў Харане.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/01/11/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.