Выслоўі, разьдзел 1
- Выслоўі Саламона, сына Давідавага, цара Ізраільскага.
- Каб спазнаць мудрасьць і настаўленьне, зразумець разумныя выслоўі;
- засвоіць правілы добрай разважлівасьці, справядлівасьці, права і слушнасьці;
- прастадушным даць кемнасьць, юнаку — веды і разважлівасьць;
- паслухае мудры і памножыць веды, і разумны знойдзе мудрыя парады;
- каб разумець выслоўе і загадкавую мову, словы мудрацоў і загадкі іхнія.
- Пачатак мудрасьці — страх Гасподні; толькі дурні пагарджаюць мудрасьцю і настаўленьнем.
- Слухай, сыне мой, настаўленьне бацькі твайго, і не адкідай запавету маці тваёй:
- бо гэта — прыгожы вянок на галаву тваю і акраса на шыю тваю.
- Сыне мой! калі цябе будуць намаўляць грэшнікі, не згаджайся.
- Калі будуць казаць: «ідзі з намі, зробім засаду на кроў, падпільнуем бязгрэшнага і бязьвіннага,
- жывых праглынем іх, як апраметная, і — цэлых, як тых, што ў магілу сыходзяць;
- набяром усякага каштоўнага дабра, напоўнім дамы нашыя здабычаю;
- далучы сваю долю да нашай, складка адна будзе на ўсіх нас»:
- Сыне мой! не хадзі адною дарогаю зь імі, утрымай нагу тваю ад сьцежкі іхняй,
- бо іхнія ногі бягуць да ліхога і сьпяшаюцца кроў праліваць.
- На вачах ва ўсіх птушак дарма раскідаецца сетка;
- а яны кроў сваю сочаць, засады ладзяць на душы свае.
- Такія дарогі ва ўсіх, хто прагне чужога дабра: яно забірае жыцьцё ў свайго ўласьніка.
- Мудрасьць кліча на вуліцах, на плошчах узносіць свой голас,
- на шумных сходах прапаведуе, каля гарадское брамы прамаўляе слова сваё:
- «Дакуль, немысьлі, любіцьмеце невуцтва? дакуль пакепнікі будуць кепствам цешыцца? дакуль бязглуздыя будуць ненавідзець навуку?
- паслухайце маёй засьцярогі: вось, я вылью на вас Духа майго, абвяшчу вам словы мае.
- Я клікала, а вы не паслухаліся; я падавала руку маю, і ніхто не зважаў;
- і вы адкінулі ўсе мае рады, і перасьцярогаў маіх не прынялі:
- за тое і я пасьмяюся з вашай пагібелі; парадуюся, калі прыйдзе ваш страх;
- калі прыйдзе ваш страх, як бура, і няшчасьце, як віхура, наляціць на вас; калі спадобіць вас нядоля і ўціск.
- Тады будуць клікаць мяне, і я не пачую.
- За тое, што зьненавідзелі веды і ня выбралі страху Гасподняга,
- не схацелі парады маёй, пагардзілі ўсімі перасьцярогамі маімі;
- за тое няхай ядуць яны з плоду дарог сваіх і насычаюцца з парадаў сваіх.
- Бо адступніцтва неразумных заб'е іх, і бястурботнасьць немысьляў загубіць іх.
- А хто мяне слухае, будзе жыць у бясьпецы і спакойна, не баючыся ліха».
|
Выбор перевода и языка
|