1. Лагодны адказ злагоджвае гнеў, а слова абразьлівае будзіць лютасьць.
  2. Язык мудрых нясе добрыя веды; а вусны неразумных вырыгаюць глупства.
  3. Усюды вочы Гасподнія: яны бачаць ліхіх і добрых.
  4. Лагодны язык — дрэва жыцьця, а неўтаймаваны — хвароба духу.
  5. Неразумны пагарджае настаўленьнем бацькі свайго; а хто слухае засьцярогу, той у добрым розуме.
  6. У доме ў праведніка — мноства скарбаў, а ў прыбытку ў бязбожнага — разлад.
  7. Вусны мудрых пашыраюць веды, а сэрца немысьляў — не.
  8. Ахвяра бязбожных — агідная Госпаду, а малітва праведных Яму даспадобы.
  9. Агіда Госпаду — шях бязбожнага, а таго, хто ідзе шляхам праўды, Ён любіць.
  10. Ліхая кара таму, хто скрывіць дарогу, і той, хто ненавідзіць засьцярогу, загіне.
  11. Апраметная і Авадон адчынены перад Госпадам, тым болей сэрцы сыноў чалавечых.
  12. Ня любіць распусьнік тых, што засьцерагаюць яго, і да мудрых ня пойдзе.
  13. Вясёлае сэрца разьвесяляе твар, а пры сардэчным смутку дух маркоціцца.
  14. Сэрца разумнага шукае ведаў, а вусны немысьляў кормяцца дурасьцю.
  15. Усе дні ў няшчаснага смутныя; а ў каго сэрца вясёлае, таму заўсёды сьвята.
  16. Лепей мець мала ў страху Гасподнім, чым вялікі скарб, і зь ім трывогу.
  17. Лепей міска гародніны і зь ёю любоў, чым укормлены бык і зь ім нянавісьць.
  18. Запальчывы чалавек абуджае разлад, а цярплівы суцішае свару.
  19. Дарога ў гультая — як цярновы пляцень, а дарога ў праведных гладкая.
  20. Мудры сын радуе бацьку, а неразумны чалавек пагарджае маці сваёю.
  21. Дурнота — радасьць недавумку, а чалавек разумны ідзе простаю дарогаю.
  22. Бяз рады задумы разладзяцца, а пры мностве радцаў яны спраўдзяцца.
  23. Радасьць чалавеку ў адказе вуснаў ягоных, і як хораша слова ў свой час!
  24. Дарога жыцьця ў мудрага ўгору, каб ухіліцца ад апраметнай унізе.
  25. Дом пыхлівых зруйнуе Гасподзь, а мяжу ўдавы ўмацуе.
  26. Агіда Госпаду — намыслы ліхадзеяў, а словы беззаганных падабаюцца Яму.
  27. Карысьлівец разладзіць свой дом, а хто ненавідзіць хабар, будзе жыць.
  28. Сэрца праведнага абдумвае адказ, а вусны бязбожных вырыгаюць благое.
  29. Далёка Гасподзь ад бязбожных, а малітву праведных чуе.
  30. Вуха, уважлівае да навукі жыцьця, будзе жыць сярод мудрых.
  31. Хто ня прымае настаўленьня, ня дбае пра душу сваю; а хто слухае засьцярогу, той набывае розум.
  32. Страх Гасподні вучыць мудрасьці, і славе папярэднічае пакора.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/20/15/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.