Ёв, разьдзел 20
- І адказваў Сатар Нааміцянін і сказаў:
- развагі мае змушаюць мяне адказаць, і я сьпяшаюся выказаць іх.
- Дакор ганебны мне выслухаў я, і дух разуменьня майго адкажа за мяне.
- Хіба ня ведаеш ты, што спрадвеку, — з таго часу, як пастаўлены чалавек на зямлі,
- весялосьць беззаконных кароткая ў часе, і радасьць крывадушнікаў імгненная?
- Хоць бы вырасла да нябёсаў веліч ягоная, і галава ягоная дастала да воблакаў, —
- як памёт ягоны, навекі прападае ён; тыя, што бачылі яго, скажуць, дзе ён?
- Як сон, адляціць, і ня знойдуць яго; і, як начны відзеж, зьнікне.
- Вока, якое бачыла яго, больш не пабачыць яго, і ўжо ня ўгледзіць яго месца ягонае.
- Сыны яго будуць шукаць ласкі ў жабракоў, і рукі ягоныя вернуць украдзенае ім.
- Косткі яго напоўнены грахамі маладосьці ягонай, і зь ім лягуць яны ў пыл.
- Калі салодкае ў роце яго зло і ён тоіць яго пад языком сваім,
- беражэ і ня кідае яго, а трымае яго ў вуснах, —
- дык гэтая ежа ягоная ў нутробе ягонай ператворыцца ў жоўць аспідаў усярэдзіне ў яго.
- Маёмасьць, якую ён глытаў, выблюе: Бог вырве яго з чэрава ягонага.
- Зьмяіны яд ён смокча; усьмерціць яго язык зьмяіны.
- Ня бачыць яму ручаёў, рэк, якія плывуць мёдам і малаком!
- Нажытае працай верне, не праглыне; у меру маёмасьці ягонай будзе і адплата ягоная, а ён не парадуецца.
- Бо ён прыгнятаў, адсылаў бедных, захопліваў дамы, якіх не будаваў;
- ня ведаў сытасьці ў чэраве сваім і ў прагнасьці сваёй не шкадаваў нічога.
- Нішто не ўратавалася ад ненаеднасьці ягонай, затое ня вытрывае шчасьце ягонае.
- У поўніцы багацьця будзе цесна яму; рука кожнага пакрыўджанага падымецца на яго.
- Калі будзе чым напоўніць нутробу ягоную, Ён пашле на яго лютасьць гневу Свайго і здожджыць на яго хваробы ў плоці ягонай.
- Як уцячэ ён ад зброі жалезнай, — пратне яго лук медны;
- пачне вымаць стралу, — і яна выйдзе зь цела, выйдзе, зьзяючы праз жоўць ягоную; жахі сьмерці прыйдуць на яго!
- Усё змрочнае схавана ўсярэдзіне ў яго; будзе пажыраць яго агонь, нікім не разьдзіманы; ліха напаткае і ўсё, што засталося ў намёце ягоным.
- Неба адкрые беззаконьне ягонае, і зямля паўстане супроць яго.
- Зьнікне сьцягнутае з дома ягонага; усё расплывецца ў дзень гневу Яго.
- Вось доля чалавеку беззаконнаму ад Бога і спадчына, вызначаная яму Ўсеўладным!
|
Выбор перевода и языка
|