1. І засьпяваў Давід песьню Госпаду ў дзень, калі Гасподзь выбавіў яго ад рукі ўсіх ворагаў і ад рукі Саўла, і сказаў:
  2. Гасподзь — цьвярдыня мая і моц мая і збаўца мой.
  3. Бог мой — скала мая; на Яго я спадзяюся; шчыт мой, рог выратаваньня майго, агароджа мая і прытулак мой; Ратаўнік мой, ад бедаў Ты выбавіў мяне!
  4. Паклічу Госпада, Якому шчыра пакланяюся, і ад ворагаў маіх выратуюся.
  5. Агарнулі мяне хвалі сьмерці, і патокі беззаконьня напалохалі мяне;
  6. ланцугі пекла аблеглі мяне, і сеткі сьмерці аблыталі мяне.
  7. Але вось у цеснаце маёй я паклікаў Госпада і Бога майго і заклікаў, і Ён пачуў з харомаў Сваіх голас мой, і енк мой дайшоў да слыху Яго.
  8. Затрэслася, закалыхалася зямля, задрыжалі і парушыліся асновы нябёсаў, бо разгневаўся на іх Гасподзь.
  9. Падняўся дым ад гневу Яго і з вуснаў Яго агонь пажыральны; жарнае вугольле сыпалася ад Яго.
  10. Нахіліў Ён нябёсы і сышоў; і морак пад нагамі ў Яго;
  11. і сеў на херувімаў, і паляцеў, і панёсься на крылах ветру;
  12. і моракам пакрыў Сябе, як ценем, згусьціўшы воды хмар нябесных;
  13. ад бляску прад Ім разгаралася вугольле вогненнае.
  14. Загрымеў зь нябёсаў Гасподзь, і Ўсявышні даў голас Свой;
  15. пусьціў стрэлы і расьсеяў іх; бліснуў маланкаю і зьнішчыў іх.
  16. І адчыніліся крыніцы мора, агаліліся асновы сусьветныя ад грознага голасу Госпада, ад подыху духу гневу Яго.
  17. Працягнуў Ён руку з вышыні і ўзяў мяне, і дастаў мяне з водаў многіх;
  18. выбавіў мяне ад ворага майго моцнага, ад ненавісьнікаў маіх, якія былі мацнейшыя за мяне.
  19. Яны паўсталі на мяне ў дзень бедства майго; але Гасподзь быў апораю мне
  20. і вывеў мяне на прасторнае месца, выбавіў мяне, бо Ён дабраволіць мне.
  21. Даў мне Гасподзь па праўдзе маёй, па чысьціні рук маіх узнагародзіў мяне.
  22. Бо я захоўваў шляхі Госпада і ня быў грэшны прад Богам маім,
  23. бо ўсе запаведзі Яго перад мною, і ад пастановаў Яго я не адступаў,
  24. і быў беззаганны прад Ім, і пільнаваўся, каб не зграшыць мне.
  25. І даў мне Гасподзь па праўдзе маёй, па чысьціні маёй прад вачыма Яго.
  26. З мілажальным Ты — мілажальны, з чалавекам шчырым — шчыры,
  27. з чыстым — чысты, а з хітрым — па хітрасьці ягонай.
  28. Людзей прыгнечаных Ты ратуеш і позіркам Сваім прыніжаеш пыхлівых.
  29. Ты, Госпадзе, сьвяцільня мая; Гасподзь прасьвятляе цемру маю.
  30. З Табою я разьбіваю войска; з Богам маім падымаюся на сьцяну.
  31. Бог! — беззаганны шлях Ягоны, чыстае слова Госпада, шчыт Ён усім, хто спадзяецца на Яго.
  32. Бо хто Бог, акрамя Госпада, і хто абарона, акрамя Бога нашага?
  33. Бог апаясвае мяне сілаю, пракладвае мне правільны шлях;
  34. робіць ногі мае, як у аленя, і на вышынях ставіць мяне;
  35. вучыць рукі мае бітве і цягліцы мае напінае, як медны лук.
  36. Ты даеш мне шчыт выратаваньня Твайго, і міласьць Твая ўзьвялічвае мяне.
  37. Ты пашыраеш крок мой пад мною, і ня хістаюцца ногі мае.
  38. Я ганяюся за ворагамі маімі і зьнішчаю іх, і не вяртаюся, пакуль ня зьнішчу іх;
  39. і зьнішчаю іх і б'ю іх, і не ўстаюць і падаюць пад ногі мае.
  40. Ты апярэзваеш мяне сілаю для вайны і кладзеш перад мною тых, што паўстаюць на мяне;
  41. Ты абяртаеш да мяне тыл ворагаў маіх, і я зьнішчаю ненавісьнікаў маіх.
  42. Яны клічуць, але няма выратавальніка, — да Госпада, але Ён ня слухае іх.
  43. Я расьсейваю іх, як пыл зямны, у гразь вулічную мну іх і тапчу іх.
  44. Ты ўратаваў мяне ад мяцяжу народу майго; Ты захаваў мяне, каб быць мне галавою над іншапляменцамі; народ, якога я ня ведаў, служыць мне.
  45. Іншапляменцы лісьлівяць перад мною; па чутках пра мяне падпарадкуюцца мне.
  46. Іншапляменцы бляднеюць і дрыжаць ва ўмацаваньнях сваіх.
  47. Жывы Гасподзь і дабраславёны абаронца мой! Хай будзе праслаўлены Бог, прытулак выратаваньня майго,
  48. Бог, Які помсьціць за мяне і ўпакорвае мне народы
  49. і выбаўляе мяне ад ворагаў маіх! Над паўсталымі супроць мяне Ты ўзвысіў мяне; ад чалавека жорсткага Ты выбавіў мяне.
  50. За тое я буду славіць Цябе, Госпадзе, сярод іншапляменцаў і буду сьпяваць імю Твайму,
  51. велікадушна ратуючы цара Свайго і творыць міласьць памазанцу Свайму Давіду і нашчадкам ягоным вечна!

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/10/22/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.