Ісая, разьдзел 32
- Вось, Цар будзе цараваць паводле праўды, і князі будуць кіраваць паводле закона;
- і кожны зь іх будзе абаронай ад ветру і покрывам ад непагадзі, як крыніцы вады ў стэпе, як цень ад высокай скалы ў зямлі выснаджанай.
- І вочы відушчых ня будуць заплюшчвацца, і вушы чуйных будуць слухаць.
- І сэрца легкадумных будзе ўмець разважаць; і гаркавыя будуць гаварыць выразна.
- Невука ўжо не называцьмуць шаноўным, і пра падступнага ня скажуць, што ён сумленны.
- Бо невук гаворыць дурное, і сэрца ягонае намышляе беззаконнае, каб рабіць крывадушна і вымаўляць агуду на Госпада, душу галоднага пазбаўляць хлеба і адбіраць пітво ў сасьмяглага.
- У падступнага і ўчынкі згубныя: ён намышляе ліхое, каб загубіць беднага хлусьнёю, хай той бедны і будзе слушны.
- А сумленны і думае пра сумленнае і цьвёрды ва ўсім, што сумленнае.
- Жанчыны неабачлівыя! устаньце, паслухайце голасу майго; дочкі бестурботныя, прыхілеце вушы да маіх слоў!
- Яшчэ некалькі дзён звыш году, і жахнецеся, неабачлівыя! бо ня будзе збору вінаграду, і пара жніва не настане.
- Скаланецеся, бястурботныя! жахнецеся, неабачлівыя! і аперажэце сьцёгны.
- Будуць біць сябе ў грудзі за цудоўныя палі, за вінаградную лазу пладавітую.
- На зямлі народу майго будуць расьці церне і бадзякі, гэтак сама і на ўсіх дамах радасьці ў разьвяселеным горадзе;
- бо харомы будуць пакінутыя; шумны горад будзе пакінуты; Афэл і вежа заўсёды будуць служыць замест пячораў, прытулкам дзікім аслам і напасьвеным статкам,
- пакуль ня выльецца на нас Дух з высяў, і пустыня ня зробіцца садам, а сад ня будуць лічыць лесам.
- Тады суд паселіцца ў гэтай пустыні, і правасудзьдзе будзе жыць на ўрадлівым полі.
- І чынам ісьціны будзе мір, і плодам правасудзьдзя — спакайната і бясьпека вечная.
- Тады народ мой жыцьме ў селішчы міру і ў селішчах бясьпечных і ў пакоях дабрашчасных.
- І град будзе падаць на лес, і горад апусьціцца долу.
- Дабрашчасныя вы, што сееце каля ўсіх водаў і пасылаеце туды вала і асла.
|
Выбор перевода и языка
|