1. Паўстань, сьвяціся, Ерусаліме; бо прыйшло сьвятло тваё, і слава Гасподняя ўзышла над табою.
  2. Бо вось, цемра пакрые зямлю, і змрок народы; а над табою зазьзяе Гасподзь, і слава Яго зьявіцца над табою.
  3. І прыйдуць народы да сьвятла твайго, і цары — да зьзяньня, якое ўзыходзіць над табою.
  4. Падымі вочы твае і паглядзі навокал: усе яны зьбіраюцца і ідуць да цябе: сыны твае здалёк ідуць і дачок тваіх на руках нясуць.
  5. Тады ўбачыш і зарадуешся, і затрымціць і расхінецца сэрца тваё, бо багацьце мора зьвернецца да цябе, здабытак народу прыйдзе да цябе.
  6. Мноства вярблюдаў пакрые цябе — драмадэры з Мадыяма і Эфы; усе яны з Савы прыйдуць, прынясуць золата і ладан і ўзьвесьцяць славу Гасподнюю.
  7. Усе авечкі Кідарскія будуць сабраныя да цябе; бараны Нэваёцкія паслужаць табе: узыдуць на алтар Мой ахвяраю спадабанаю, і Я праслаўлю дом славы Маёй.
  8. Хто гэта ляціць, як воблакі, і як галубы — да галубятняў сваіх?
  9. Так, Мяне чакаюць выспы і наперадзе іх — караблі Фарсіскія, каб перавезьці сыноў тваіх здалёк і зь імі срэбра іхняе і золата іхняе, у імя Госпада Бога твайго і Сьвятога Ізраілевага, бо Ён праславіць цябе.
  10. Тады сыны іншаземцаў будавацьмуць сьцены твае, і цары іхнія — будуць служыць табе; бо ў гневе Маім Я пабіваў цябе, а ва ўпадабаньні Маім буду мілажальны да цябе.
  11. І заўсёды будуць адчынены брамы твае, зачыняцца ня будуць ні ўдзень, ні ўначы, каб прыносілі табе здабытак народаў і прыводзілі цароў іхніх.
  12. Бо народ і царства, якія не захочуць служыць табе, — загінуць, і такія народы цалкавіта вынішчацца.
  13. Слава Лівана прыйдзе да цябе, кіпарыс, ядловец і кедр злучацца, каб упрыгожыць месца сьвяцілішча Майго, — і Я праслаўлю падножжа ног Маіх.
  14. І прыйдуць да цябе ў пакоры сыны прыгнятальнікаў тваіх, і ўпадуць да ступакоў ног тваіх усе, хто пагарджаў табою, і назавуць цябе горадам Госпада, Сіёнам Сьвятога Ізраілевага.
  15. Замест таго, што ты быў пакінуты і зьненавіджаны, так што ніхто не праходзіў празь цябе, — Я зраблю цябе веліччу навекі, радасьцю ў роды родаў.
  16. Ты будзеш насычацца малаком народаў, і грудзі царскія смактаць будзеш, і ўведаеш, што Я Гасподзь — Збаўца твой і Адкупнік твой, Моцны Ізраілеў.
  17. Замест медзі буду дастаўляць табе золата, і замест жалеза — срэбра, і замест дрэва — медзь, і замест камянёў — жалеза; і пастаўлю кіраўніком тваім спакой і наглядчыкамі тваімі — праўду.
  18. Ня чуваць будзе болей насільля ў зямлі тваёй, спусташэньня і разбурэньня — у межах тваіх; і будзеш называць сьцены твае ратункам і брамы твае — славаю.
  19. Ня будзе ўжо сонца служыць табе сьвятлом дзённым, і зьзяньне месяца — сьвяціць табе; а Гасподзь будзе табе вечным сьвятлом, і Бог твой — славаю тваёю.
  20. Ня зойдзе ўжо сонца тваё, і месяц твой не схаваецца, бо Гасподзь будзе табе вечным сьвятлом, і закончацца дні жальбы тваёй.
  21. І народ твой увесь будзе праведны, навекі ўспадкуе зямлю, — парасьліну насаджэньня Майго, дзею рук Маіх, на праслаўленьне Маё.
  22. Ад малога пойдзе тысяча, і ад самага слабога — моцны народ. Я, Гасподзь, паскору зьдзейсьніць гэта сваім часам.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/23/60/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.