1. Слухайце гэта, доме Якава, які называецца імем Ізраіля, і паходжанцы ад крыніцы Юдавай, што прысягаюць імем Госпада і вызнаюць Бога Ізраілевага, хоць не паводле ісьціны і не паводле праўды.
  2. Бо яны называюць сябе паходжанцамі ад сьвятога горада і апіраюцца на Бога Ізраілевага; Гасподзь Саваоф — імя Яму.
  3. Ранейшае Я загадзя абвяшчаў; з Маіх вуснаў выходзіць яно, і Я абвяшчаў гэта і зьнянацку рабіў, — і ўсё збывалася.
  4. Я ведаў, што ты ўпарты, і што ў шыі тваёй жылы жалезныя, і лоб твой — медны;
  5. таму і абвяшчаў табе загадзя, раней чым гэта здарылася, і перадаваў табе, каб ты не сказаў: «ідал мой зрабіў гэта, і балван мой і выліты мой загадаў гэтаму быць».
  6. Ты чуў — паглядзі на ўсё гэта! І няўжо вы не прызнаеце гэтага? А сёньня Я абвяшчаю табе новае, і ты ня ведаў гэтага.
  7. Яно сталася сёньня, а не даўно і не за дзень, і ты ня чуў пра тое, каб ты не сказаў: «вось! я ведаў гэта».
  8. Ты і ня чуў, і ня ведаў пра гэта, і вуха тваё ня было раней адкрытае; бо Я ведаў, што ты ўчыніш вераломна, і ад самага ўлоньня матчынага ты празваны адступнікам.
  9. Дзеля імя Майго адкладваў гнеў Мой, і дзеля славы Маёй стрымліваў Сябе ад зьнішчэньня цябе.
  10. Вось, Я растапіў цябе, але не як срэбра; выпрабаваў цябе ў гарніле пакуты.
  11. Дзеля Сябе, дзеля Сябе Самога раблю гэта, — бо якое было б нараканьне на імя Маё! славы Маёй ня дам іншаму.
  12. Паслухай Мяне, Якаве і Ізраіле, пакліканы Мой: Я той самы, Я першы і Я апошні.
  13. Мая рука паклала зямлю, і Мая правіца расхінула нябёсы; паклічу іх, — і яны стануць разам.
  14. Зьбярэцеся ўсе, і слухайце: хто спаміж іх прадказаў гэта? Гасподзь палюбіў яго, і ён выканае волю Яго над Вавілонам і пакажа сілу Яго над Халдэямі.
  15. Я, Я сказаў, і паклікаў яго; Я прывёў яго, і шлях ягоны будзе пасьпяховы.
  16. Падыдзеце да Мяне, слухайце гэта: Я і спачатку гаварыў не таемна; з таго часу, як гэта адбываецца, Я быў там; і сёньня паслаў Мяне Гасподзь Бог і Дух Ягоны.
  17. Так кажа Гасподзь, Адкупнік твой, Сьвяты Ізраілеў: Я Гасподзь Бог твой, вучу цябе карыснаму, вяду цябе па той дарозе, па якой табе трэба ісьці.
  18. О, калі б ты слухаў запаведзі Мае! Тады мір твой быў бы, як рака, і праўда твая — як хвалі марскія.
  19. І насеньне тваё было б, як пясок, і паходжанцы ад нутра твайго — як пясчынкі: ня згладзілася б імя ягонае перад Мною.
  20. Выходзьце з Вавілона, бяжэце ад Халдэяў, з голасам радасьці абвяшчайце і прапаведуйце гэта, пашырайце гэтую вестку да краю зямлі; кажэце: Гасподзь адкупіў раба Свайго Якава".
  21. І ня сьмягнуць яны ў пустынях, празь якія Ён вядзе іх: Ён крынічыць ім ваду з каменя; расьсякае скалу, — і ліюцца воды.
  22. А бязбожным няма спакою, кажа Гасподзь.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/23/48/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.