1. Слова, якое прамовіў Гасподзь пра Вавілон і пра зямлю Халдэяў празь Ерамію прарока:
  2. абвясьцеце і распаўсюдзьце сярод народаў, і падымеце сьцяг, аб'явеце, не хавайце, кажэце: Вавілон узяты, Віл пасаромлены, Мэрадах зламаны, балваны ягоныя пасаромленыя, ідалы яго разьбітыя.
  3. Бо з поўначы падняўся супроць яго народ, які зробіць зямлю ягоную пустэльняю, і ніхто ня жыцьме там, ад чалавека да быдла, усе рушаць і сыдуць.
  4. У тыя дні і ў той час, кажа Гасподзь, прыйдуць сыны Ізраілевыя, яны і сыны Юдавыя разам, будуць хадзіць і плакаць і знойдуць Госпада Бога свайго;
  5. будуць пытацца дарогі да Сіёна і, павярнуўшы да яго твары, будуць казаць: ідзеце і далучэцеся да Госпада спрымірэнствам вечным, якое не забудзецца.
  6. Народ Мой быў, як пагіблыя авечкі; пастухі іхнія зьвялі іх з дарогі, разагналі іх па горах; бадзяліся яны з гары на пагорак, забылі лежбішча сваё.
  7. Усе, што знаходзілі іх, пажыралі іх, і прыгнятальнікі іх казалі: «мы не вінаватыя, бо яны зграшылі перад Госпадам, перад жытлішчам праўды і перад Госпадам, надзеяй бацькоў іхніх».
  8. Уцякайце з асяродзьдзя Вавілона, і сыходзьце з Халдэйскай зямлі, і будзьце, як казлы наперадзе статка авечак.
  9. Бо вось, Я падыму і прывяду на Вавілон зборню вялікіх народаў зь зямлі паўночнай, і разьмесьцяцца насупраць яго, і ён будзе ўзяты: стрэлы ў іх, як у спраўнага воіна, не вяртаюцца марна.
  10. І Халдэі зробяцца здабычаю іхняй; і спусташальнікі яе насыцяцца, кажа Гасподзь.
  11. Бо мы весяліліся, вы сьвяткавалі, рабаўнікі спадчыны Маёй; скакалі ад радасьці, як цялушка на траве, і ржалі, як баявыя коні.
  12. У вялікім сораме будзе маці ваша, пачырванее радзіцелька вашая; вось, будучыня тых народаў — пустэльня, сухая зямля і стэп.
  13. Ад гневу Госпада яна зробіцца няжылою, і ўся яна будзе пустая; кожны, хто будзе праходзіць праз Вавілон, зьдзівіцца і сьвісьне, гледзячы на ўсе пахібы яго.
  14. Выстрайцеся ў баявы парадак вакол Вавілона; усе, хто напінае лук, страляйце па ім, не шкадуйце стрэлаў, бо ён зграшыў супроць Госпада;
  15. падымеце крык супроць яго з усіх бакоў; ён падаў руку сваю; упалі цьвярдыні ягоныя, разваліліся сьцены яго, бо гэта — адплата Госпада; помсьціце яму; як ён рабіў, так і вы рабеце зь ім;
  16. зьнішчайце ў Вавілоне і сейбіта і жняца ў часе жніва; ад страху пагібельнага меча хай кожны вернецца да народа свайго, і кожны хай бяжыць у зямлю сваю.
  17. Ізраіль — расьсеяны статак; ільвы разагналі яго; раней аб'ядаў яго цар Асірыйскі, а гэты апошні, Навухаданосар, цар Вавілонскі, і косьці яго патрушчыў.
  18. Таму так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я наведаю цара Вавілонскага і зямлю яго, як наведаў цара Асірыйскага;
  19. і вярну Ізраіля на пашу ягоную, і будзе ён пасьвіцца на Карміле і Васане, і душа яго насыціцца на гары Яфрэмавай і ў Галаадзе.
  20. У тыя дні і ў той час, кажа Гасподзь, будуць шукаць няпраўды Ізраілевай, і ня будзе яе, і грахоў Юды, і ня знойдзецца іх; бо дарую тым, каго пакіну жывога.
  21. Ідзі на яе, на зямлю мяцежную, і пакарай жыхароў яе; спусташай і вынішчай усё за імі, кажа Гасподзь, і зрабі ўсё, што Я загадаў табе.
  22. Шум бітвы на зямлі і вялікае разбурэньне!
  23. Як разьбіты і скрышаны молат усяе зямлі! Як Вавілон зрабіўся жахам сярод народаў!
  24. Я раскінуў сеткі на цябе, і ты злоўлены, Вавілоне, не прадбачачы таго; ты знойдзены і схоплены, бо паўстаў супроць Госпада.
  25. Гасподзь адчыніў сховішча Сваё і ўзяў зь яго посуд гневу Свайго, бо ў Госпада Бога Саваофа ёсьць справа ў зямлі Халдэйскай.
  26. Ідзеце на яе з усіх краёў, адчыняйце засекі яе, тапчэце яе як снапы, зусім зьнішчыце яе, каб нічога ад яе не засталося;
  27. забівайце ўсіх валоў яе, хай ідуць на закол; гора ім! бо прыйшоў дзень іхні, час наведваньня іх.
  28. Чуцен голас тых, што бягуць і ратуюцца зь зямлі Вавілонскай, каб узьвясьціць на Сіёне пра помсту Госпада Бога нашага, пра помсту за храм Яго.
  29. Склічце супроць Вавілона лучнікаў; усе, хто напінае лук, вакол яго, каб ніхто не ўратаваўся зь яго, аддайце яму паводле дзеяў яго, каб ніхто не ўратаваўся зь яго, аддайце яму паводле дзеяў яго; як ён учыняў, так учынеце і зь ім, бо ён узьнёсься супроць Госпада, супроць Сьвятога Ізраілевага.
  30. За тое загінуць юнакі ягоныя на вуліцах яго, і ўсе воіны яго зьнішчаны будуць у той дзень, кажа Гасподзь.
  31. Вось, Я — на цябе, гардзея, кажа Гасподзь Бог Саваоф; бо прыйшоў дзень твой, час наведваньня твайго
  32. І спатыкнецца гардыня і ўпадзе, і ніхто не падыме яго; і распалю агонь у гарадах ягоных, — і зжарэ ўсё вакол яго.
  33. Так кажа Гасподзь Саваоф: прыгнечаны сыны Ізраіля, як і сыны Юды, і ўсе, што запаланілі іх, моцна трымаюць іх і ня хочуць адпусьціць іх.
  34. Але Адкупнік іхні дужы, Гасподзь Саваоф — імя Яго; Ён разьбярэ справу іхнюю, каб супакоіць зямлю і навесьці трымценьне на жыхароў Вавілона.
  35. Меч на Халдэяў, кажа Гасподзь, і на жыхароў Вавілона, і на князёў яго і на мудрых яго;
  36. на спакушальнікаў, і яны звар'яцеюць; меч на воінаў ягоных, і яны зьнясьмеляцца;
  37. меч на коней яго і на калясьніцы яго і на ўсе рознапляменныя народы сярод яго, і яны будуць як жанчыны; меч на скарбы яго, і яны будуць разрабаваны;
  38. суш на воды яго, і яны перасохнуць; бо гэта зямля балваноў, і яны зьнеразумяцца ад ідальскіх страшыдлаў.
  39. І паселяцца там стэпавыя зьвяры з шакаламі, і жыцьмуць на ёй страўсы, і ня будзе абжытая вавекі і заселеная ў роды родаў.
  40. Як развалены Богам Садома і Гамора і суседнія гарады іх, кажа Гасподзь, так і тут ніводзін чалавек ня жыцьме, і сын чалавечы ня будзе спыняцца.
  41. Вось, ідзе народ з поўначы, і народ вялікі, і многія цары, падымаюцца з краёў зямлі;
  42. трымаюць у руках лук і дзіду; яны жорсткія і неміласэрныя; голас іх шумны, як мора; імчацца на конях, выстраіліся як адзін чалавек, каб пабіцца з табою, дачка Вавілона!
  43. Пачуў цар Вавілонскі вестку пра іх, і рукі ў яго апусьціліся; скруха ахапіла яго, пакуты — як жанчыну пры родах.
  44. Вось, узыходзіць ён як леў з вышыняў Ярдана на ўмацаваныя селішчы; але Я прымушу іх сьпешна сысьці зь яго; і хто выбраны, таму даверу яго, бо хто падобны на Мяне? і хто спатрабуе зь Мяне адказу? І які пастух стане супроць мяне?
  45. Дык вось, выслухайце вызначэньне Госпада, якое ён пастанавіў пра Вавілон, і намеры Яго, якія Ён мае пра зямлю Халдэйскую; сапраўды самыя малыя са статкаў пацягнуць іх; сапраўды, ён спустошыць селішчы іхнія зь імі.
  46. Ад шуму ўзяцьця Вавілона затрасецца зямля, і лямант будзе чуцен сярод народаў.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/24/50/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.