1. Гасподзь паказаў мне: і вось, два кашы са смоквамі пастаўлены перад храмам Гасподнім, — пасьля таго, як Навухаданосар, цар Вавілонскі, вывеў зь Ерусаліма палоннымі Еханію, сына Ёакімавага, цара Юдэйскага, і князёў Юдэйскіх зь цесьлямі і кавалямі і прывёў іх у Вавілон:
  2. адзін кош быў са смоквамі вельмі добрымі, якімі бываюць смоквы раньнія, а другі кош — са смоквамі вельмі благімі, якіх зь нягоднасьці іхняй нельга есьці.
  3. І сказаў мне Гасподзь: што бачыш ты, Ерамія? я сказаў: смоквы, смоквы добрыя — вельмі добрыя, а благія — вельмі благія, так што іх нельга есьці, бо яны вельмі кепскія.
  4. І было мне слова Гасподняе:
  5. так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: падобна, як гэтыя смоквы добрыя, Я прызнаю добрымі перасяленцаў Юдэйскіх, якіх Я паслаў з гэтага месца ў зямлю Халдэйскую;
  6. я зьвярну на іх вочы Мае на дабро ім і вярну іх у зямлю гэтую, і ўладжу іх, а ня зруйную, і пасаджу іх, а ня выкарчую;
  7. і дам ім сэрца, каб ведалі Мяне, што Я — Гасподзь, і яны будуць Маім народам, а Я буду іхнім Богам; бо яны абернуцца да Мяне ўсім сэрцам сваім.
  8. А пра благія смоквы, якіх і есьці нельга за няпрыдатнасьць іх, так кажа Гасподзь: такім Я зраблю Сэдэкію, цара Юдэйскага, і князёў ягоных і іншых Ерусалімцаў, што застаюцца ў зямлі гэтай і жывуць у зямлі Егіпецкай;
  9. і аддам іх на азлобу і на ліхія пакуты ва ўсіх царствах зямных, на паглум, на перагуды, на пакепства і праклён ва ўсіх мясьцінах, куды Я выганю іх.
  10. І пашлю на іх меч, голад і паморак, пакуль ня вынішчу іх зь зямлі, якую Я даў ім і бацькам іхнім.

Постоянная ссылка на эту страницу old.bibleonline.ru/bible/bel/24/24/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2024
Перейти на новую версию сайта.