Псалтыр, псальма 33
- Псальма Давідава. Радуйцеся, праведнікі, у Госпадзе: шчырым прыстоіць хваліць!
- Услаўляйце Госпада арфамі, сьпявайце Яму на дзесяціструннай псалтыры;
- новую песьню сьпявайце Яму; зладжана пойце Яму, з ускліцаньнем,
- бо слова Гасподняе — шчырае, і ўсе дзеі Ягоныя правільныя.
- Ён любіць праўду і суд; Гасподняю міласьцю зямля поўніцца.
- Словам Госпада створаны нябёсы, і духам вуснаў Ягоных — усе сілы нябесныя.
- Ён сабраў, быццам груды, марскія воды; бездані склаў у каморах.
- Хай баіцца Госпада ўся зямля; хай трымціць прад Ім усё жывое на сьвеце,
- бо сказаў Ён — і сталася; Ён загадаў — і зьявілася.
- Гасподзь разбурае рады язычнікаў; зьнішчае намыслы народаў.
- А рада Гасподняя вечна стаяцьме; задумы сэрца Ягонага — з роду ў род.
- Дабрашчасны народ, у якога Гасподзь ёсьць Бог, — племя, якое Ён выбраў у спадчыну Сабе.
- Гасподзь паглядае зь нябёсаў, бачыць усіх сыноў чалавечых;
- з трона Свайго Ён пазірае на ўсіх, што жывуць на зямлі:
- Ён стварыў сэрцы ўсіх іх, і ўважае ўсім іхнім дзеям.
- Цар не ўратуецца мноствам войска; не ўбароніць волата вялікая сіла.
- Ненадзейны конь для ратаваньня, ня вызваліць сілай вялікай сваёю.
- Вось, вока Гасподняе над тымі, хто баіцца Яго, і хто спадзяецца на літасьць Ягоную,
- што Ён душу іхнюю ўратуе ад сьмерці і ў час галодны накорміць іх.
- Душа наша мае надзею на Госпада: Ён дапамога наша;
- Ім радуецца сэрца наша, бо на сьвятое імя Ягонае мы спадзяваліся.
- Хай будзе ласка Твая, Госпадзе, з намі, мы так на Цябе надзею ўскладаем.
|
Выбор перевода и языка
|