Да Габрэяў, разьдзел 6
- Пасьля, пакінуўшы пачаткі вучэньня Хрыстовага, пасьпяшаймася да дасканаласьці; і ня будзем зноў закладваць аснову да каяньня за мёртвыя дзеі і аснову веры ў Бога,
- вучэньню пра хрышчэньні, пра ўскладаньне рук, пра ўваскрэсеньне мёртвых і пра суд вечны.
- І гэта зробім, калі Бог дазволіць.
- Бо немагчыма — тых, што адзін раз пасьвечаныя і паспыталі дару нябеснага, і зрабіліся супольнікамі Духа Сьвятога,
- і паспыталі добраснага слова Божага і сіл будучага веку,
- і адпалі, — нанава ўзнаўляць пакаяньнем, калі яны зноў крыжуюць у сабе Сына Божага і паглумляюць Яго.
- Зямля, якая піла дождж, што шматкроць на яе ападае, і родзіць збажыну, карысную тым, каму і вырошчваецца, прымае дабраславеньне ад Бога;
- а якая плодзіць церні і бадзякі — няпрыдатная і блізкая да пракляцьця, канец якога — спаленьне.
- А што да вас, любасныя, дык мы спадзяёмся, што вы ў лепшым стане і трымаецеся збавеньня, хоць і гаворым так.
- Бо не несправядлівы Бог, каб забыў дзею вашую і працу любові, якую вы выявілі ў імя Ягонае, паслужыўшы і служачы сьвятым.
- А жадаем, каб кожны з вас, дзеля поўнай пэўнасьці ў надзеі, выяўляў такую самую руплівасьць да канца;
- каб вы не разгультаіліся, а пераймалі тых, якія вераю і доўгай цярплівасьцю спадкуюць абяцаньні.
- Бог, даючы абяцаньне Абрагаму, калі ня мог нікім вышэйшым прысягнуць, прысягаў Самім Сабою,
- кажучы: «у ісьціне дабраслаўляючы, дабраслаўляю цябе і памнажаючы памножу цябе».
- І так Абрагам цярплівасьцю атрымаў абяцанае.
- Людзі прысягаюць вышэйшым, і прысяга на сьведчаньне кладзе канец усякай спрэчцы іхняй.
- Таму і Бог, хочучы пераважней паказаць спадкаемцам абяцаньня непарушнасьць Сваёй волі, скарыстаўся прысягай,
- каб у двух непарушных рэчах, у якіх немагчыма Богу зманіць, моцную ўцеху мелі мы, пастанавіўшы прыняць прызначаную надзею,
- якая для душы ёсьць — быццам якар бясьпечны і моцны, і ўваходзіць усярэдзіну за заслону,
- куды як наш папярэднік увайшоў Ісус, стаўшыся Першасьвятаром навек па чыне Мелхісэдэка.
|
Выбор перевода и языка
|