Да Рымлянаў, разьдзел 2
- Вось таму няма апраўданьня табе, кожны чалавеча, што судзіш другога; бо тым самым судом, якім судзіш другога, асуджаеш сам сябе; бо, асуджаючы другога, робіш тое самае.
- А мы ведаем, што паводле ісьціны ёсьць суд Божы на тых, што такое чыняць.
- Няўжо думаеш ты, чалавеча, што ўнікаеш суду Божага, калі асуджаеш тых, якія ўчыняюць такое, і сам робячы тое самае?
- Альбо пагарджаеш багацьцем даброці, лагоднасьці і вялікай цярплівасьці Божай, не разумеючы, што даброць Божая вядзе цябе да пакаяньня?
- Але, з упартасьці тваёй і нераскаянага сэрца ты сам сабе зьбіраеш гнеў на дзень гневу і абвяшчэньня праведнага суду ад Бога,
- Які кожнаму аддасьць паводле дзеяў ягоных:
- тым, якія ўвесь час ў добрых дзеях шукаюць славы, гонару і бесьсьмяротнасьці, — жыцьцё вечнае;
- а тым, якія ўпарцяцца і супрацівяцца ісьціне, ды аддаюцца няпраўдзе, — лютасьць і гнеў.
- Смутак і скруха ўсякай душы чалавека, які чыніць ліхое: першаму Юдэю, потым і Эліну!
- Наадварот жа, слава і гонар і мір кожнаму, хто робіць добрае: першаму Юдэю, потым і Эліну!
- Бо няма прывабы да асобы ў Бога.
- Тыя, што без закона зграшылі, без закона і загінуць; а тыя, якія ў законе зграшылі, паводле закона прымуць суд,
- бо не слухачы закона праведныя перад Богам, а выканаўцы закона апраўданы будуць;
- бо, калі язычнікі, ня маючы закона, ад прыроды законнае робяць, дык, ня маючы закона, яны самі сабе закон:
- яны паказваюць, што дзеі закона ў іх напісаны ў сэрцах, пра што сьведчыць сумленьне іхняе і думкі іхнія, якія то вінавацяць, то апраўдваюць адна адну,
- у дзень, калі паводле зьвеставаньня майго, Бог будзе судзіць таемныя дзеі людзей празь Ісуса Хрыста.
- Вось, ты называешся Юдэем, і супакойваеш сябе законам, і хвалішся Богам,
- і ведаеш волю Ягоную, і разумееш лепшае, навучаючыся з закона,
- і ўпэўнены пра сябе, што ты павадыр сьляпым, сьвятло тым, што ходзяць у цемры, —
- выхавальнік неразумным, настаўнік дзецям, які мае ўзор розуму і ісьціны ў законе:
- як жа ты, навучаючы другога, ня вучыш сябе самога?
- Прапаведуючы ня красьці, крадзеш? кажучы: не распусьнічай, распусьнічаеш? грэбуючы ідаламі, рабуеш сьвятыні?
- хвалішся законам, а, пераступаючы закон, зьневажаеш Бога?
- бо дзеля вас, як напісана, імя Божае ганьбуецца ў язычнікаў.
- Абразаньне карыснае, калі выконваеш закон; а калі ты пераступаеш закон, дык абразаньне тваё сталася неабразаньнем.
- Дык вось, калі неабразанец выконвае пастановы закона, дык ягонае неабразаньне ці не залічыцца яму за абразаньне?
- І неабрэзаны ад прыроды, які выконвае закон, ці не асудзіць цябе, пераступніка закона зь Пісаньнем і абразаньнем?
- Бо ня той Юдэй, хто такі з выгляду, і ня тое абразаньне, якое вонкавае, на плоці;
- а той Юдэй, хто ўнутрана такі, і тое абразаньне, якое ў сэрцы паводле Духа, а не паводле літары: яму і пахвала не ад людзей, а ад Бога.
|
Выбор перевода и языка
|